Журналісты пацьвердзілі гібель 26 801 расейскага вайскоўца ва Ўкраіне
Колькасьць пацьверджаных загінулых сярод зьняволеных перавысіла 5 тысяч чалавек. Журналісты таксама пацьвердзілі гібель 2674 мабілізаваных расейцаў. Адзначаецца, што колькасьць загінулых мабілізаваных упершыню за ўвесь час назіраньняў перавысіла колькасьць загінулых добраахвотнікаў.
Да 30 чэрвеня ўдалося пацьвердзіць гібель больш як 2250 афіцэраў расейскай арміі і іншых сілавых структур. 263 зь іх — у званьні ад падпалкоўніка і вышэй.
Больш за ўсё загінулі са Сьвярдлоўскай вобласьці, Краснадарскага краю, Чалябінскай вобласьці, Башкірыі, Бураціі і Растоўскай вобласьці.
Журналісты зьбіраюць інфармацыю пра загінулых расейскіх вайскоўцаў з пачатку баявых дзеяньняў. У маніторынг трапляюць толькі тыя людзі, чыю сьмерць удалося ўстанавіць на аснове адкрытых крыніц. Рэальная колькасьць страт, на думку аўтараў дасьледаваньня, можа быць значна большаю.
Мінабароны Расеі не публікуе афіцыйных зьвестак пра свае страты на вайне ва Ўкраіне. Апошні раз улады Расеі прыводзілі агульную колькасьць загінулых у верасьні 2022 году — 5937 чалавек.
У чэрвені 2023 году міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў, што за час украінскага контранаступу расейская аб’яднаная групоўка войскаў страціла 71 вайскоўца, яшчэ 210 атрымалі раненьні.