У Менску адбылося абвяшчэньне Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі. ФОТА
У прысутнасьці Апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Антэ Ёзіча быў прачытаны Дэкрэт Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў ад 30 сакавіка сёлета, у якім абвяшчаецца пра заснаваньне пастановай Папы Рымскага Францішка Апостальскай адміністратуры для вернікаў Каталіцкай царквы ўсходняга абраду і прызначэньні архімандрыта Сяргея Гаека Апостальскім адміністратарам гэтай Апостальскай Адміністратуры.
Згодна з патрабаваньнямі канонаў 189 § 1, 2 і 313 Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў, Апостальскі адміністратар Архімандрыт Сяргей Гаек кананічна заняў пасаду ардынарыя Апостальскай Адміністратуры.
Новы ардынарый атрымаў з рук Апостальскага нунцыя архібіскупа Антэ Ёзіч крыж, пярсьцёнак і жазло.
У супольнай малітве з гэтай нагоды ўзялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі, у тым ліку старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Юзаф Станеўскі і іншыя прадстаўнікі рыма-каталіцкага эпіскапату, а таксама грэка-каталіцкае духавенства і вернікі.
Каталіцкая супольнасьць бізантыйскага абраду ў Беларусі зьяўляецца спадчыньніцай Берасьцейскай уніі 1596 году, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Сьвятога Пасаду. У 1798 годзе была створана Менская (русінская) япархія, дзейнасьць якой у 1839 годзе была паралізаваная, але структура ніколі не ліквідоўвалася. Annuario Pontificio згадвае яе да 1924 году.
У 1939 годзе мітрапалітам Львоўскім, архібіскупам Андрэем Шаптыцкім быў заснаваны Беларускі экзархат. У 1941 годзе Пій ХІІ зацьвердзіў ярарха ў якасьці Апостальскага адміністратара Экзархату. З 1943 году пасада заставалася вакантнай.
У 1988 годзе грэка-каталіцкія вернікі ў Беларусі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій. З 1993 году яны былі даручаны пастырскай апецы архімандрыта Сяргея Гаека ў якасьці Апостальскага візытатара ad nutum Sanctae Sedis.
У новай Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі на сёньня налічваецца:
каля 5 тысяч вернікаў;
дзейнічае 16 парафій;
душпастырства вядуць 16 сьвятароў і 3 дыяканы;
ёсьць 4 сэмінарысты.