„Ювентус” 35-ы раз стаў чэмпіёнам Італіі
Турынскі "Ювентус" за пяць тураў да фінішу аформіў свой 35-ы і восьмы запар чэмпіёнскі тытул у Італіі. У Францыі таксама за пяць тураў да заканчэння чэмпіянату сваё восьмае золата заваяваў "Пары Сен-Жэрмен".
У двух футбольных топ-чэмпіянатах Старога Свету ў мінулы ўік-энд датэрмінова вызначыліся ўладальнікі золата.
Турынскі „Ювентус” за пяць тураў да фінішу аформіў свой 35-ы і восьмы запар чэмпіёнскі тытул у Італіі. У дамашнім паядынку 33-га тура футбалісты „старой сіньёры” атрымалі валявую вікторыю над „Фіярэнцінай” 2:1 і, набраўшы 87 ачкоў, сталі недасягальнымі для канкурэнтаў. У бліжэйшага праследавацеля – „Напалі” – на 20 балаў менш і гульня ў запасе.
У Францыі таксама за пяць тураў да заканчэння чэмпіянату сваё восьмае золата заваяваў „Пары Сен-Жэрмен”, які перамог у сябе дома „Манака” з лікам 3:1. Пасля 33 праведзеных матчаў у актыве парыжан 84 ачкі, а ў „Ліля”, які ідзе другім, – 65 заліковых балаў.
У іспанскім першынстве развязка яшчэ не настала, але галоўны прэтэндэнт на чэмпіёнства „Барселона” поўным ходам ідзе да свайго 26-га па ліку тытула. У 33-м туры клуб з каталонскай сталіцы перамог на сваёй арэне „Рэал Сасьедад” 2:1 і набраў 77 ачкоў. Праследавацелі „Барсы” з Мадрыда таксама дабіліся перамог: „Атлетыка” перамог на выездзе „Эйбар” – 1:0, а „Рэал” у сябе дома не пакінуў шанцаў гасцям з „Атлетыка” (Більбаа) – 3:0. У актыве „Атлетыка” стала 68 ачкоў, у „Рэала” на 4 балы менш.
У астатніх топ-чэмпіянатах барацьба за медалі ў самым разгары. У англійскай прэм’ер-лізе лідзіруе „Ліверпуль”, у якога 88 ачкоў пасля 35 сустрэч, „Манчэстэр Сіці” адстае на два ачкі, але мае гульню ў запасе. За чатыры туры да заканчэння чэмпіянату Германіі яшчэ нічога не ясна. Мюнхенская „Баварыя” ў 30-м туры з цяжкасцю перамагла ў сябе дома брэменскі „Вердэр” – 1:0, а яе галоўны канкурэнт дортмундская „Барусія” ў гасцях разграміла футбалістаў „Фрайбурга” з лікам 4:0. У „Баварыі” 70 балаў, „Барусія” адстае ўсяго на адно ачко.