15 яскравых рарытэтаў
9-га верасня а 16-й гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё выставы “5+5+5”, прымеркаванай да 15-годдзя музея.
Музей кнігі − знакавая экспазіцыйная прастора, якая з’явілася ў новым будынку галоўнай бібліятэкі краіны ў 2006 годзе. За час сваёй працы ён стаў яркай візітоўкай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У межах юбілейнай выставы “5+5+5” будуць прадстаўлены: 5 рукапісаў, 5 старадрукаваных і 5 рэдкіх выданняў − 15 сапраўдных рарытэтаў з фондаў бібліятэкі, якія выключна рэдка пакідаюць фондасховішча.
У першую пяцёрку ўвайшлі ўнікальныя рукапісныя помнікі: ад самых старажытных да самых рэдкіх і незвычайных кніг з калекцыі бібліятэкі. Вы даведаецеся, якія тэксты пісалі на стараверскіх скрутках і пальмавых лістах з Індыі.
Другая пяцёрка – старадрукаваныя кнігі. Кожная з іх – знакавы паасобнік для беларускай культуры. Кнігі першадрукара з Полацка, старажытны гербарый XV ст. з бібліятэкі Радзівілаў, адметнае Евангелле выдавецкага дома XVІ ст. і першае выданне папулярнага вайсковага трактата, напісанага нашым земляком.
Трэцяя пяцёрка рэдкіх кніг уключае выданні з дароўнымі надпісамі беларускага паэта (з якім “усе мы разам ляцім. Да зор?”); мастака, яркага прадстаўніка авангарда ХХ ст.; мініяцюрны ілюстраваны кішэнны каляндар ХІХ ст. і рарытэтную арт-кнігу французскага пісьменніка (сёлета спаўняецца 150 год з дня яго нараджэння) з цудоўнымі акварэлямі мастачкі-экспрэсіяністкі. Вы даведаецеся, які зборнік беларускай паэзіі існуе ў свеце толькі ў адным экзэмпляры.
А назвы гэтых 15 яскравых рарытэтаў можна дазнацца, толькі наведаўшы выставу “5+5+5”!
Уваход на ўрачыстае адкрыццё вольны.
Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 24 кастрычніка 2021 г.