Вялікая Брытанія плянуе перадаць грошы Абрамовіча на дапамогу Ўкраіне
Урад Вялікай Брытаніі плянуе перадаць 2,3 мільярда фунтаў стэрлінгаў, атрыманых расейскім мільярдэрам Раманам Абрамовічам ад продажу лёнданскага футбольнага клюбу «Чэлсі», у фонд дапамогі ахвярам вайны ва Ўкраіне, паведамляе The Telegraph са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Паводле выданьня, улады чакаюць ухваленьня Эўразьвязу, паколькі Абрамовіч знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ. Канчатковае вырашэньне пытаньня можа заняць некалькі тыдняў.
Газэта зазначае, што ідэя стварэньня фонду, у які плянуецца адправіць грошы, належала самому Абрамовічу. Яна ўзьнікла, калі мільярдэр у пачатку сакавіка летась сутыкнуўся з санкцыямі з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Зьдзелка па продажы «Чэлсі» была анансаваная ў пачатку мінулага году і завершаная ў канцы траўня. Клюб быў прададзены за 4,25 млрд фунтаў стэрлінгаў кансорцыюму пад кіраўніцтвам амэрыканскага інвэстара Тода Балі. Сродкі ад продажу былі пакладзены на спэцыяльны банкаўскі рахунак, дзе яны былі замарожаныя.