У Вільні адбылася творчая сустрэча з Алесем Аркушам
Пісьменнік прэзентаваў сваю кнігу “Тастамент Рагвалода”.
Artykuł У Вільні адбылася творчая сустрэча з Алесем Аркушам pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У Вільні ў былым музеі Аляксандра Пушкіна, які некалькі месяцаў таму перайменавалі ў Музей-сядзібу Маркучай, адбылася сустрэча з беларускім пісьменнікам Алесем Аркушам.
На ёй літаратар прэзентаваў сваю кнігу “Тастамент Рагвалода”. Імпрэзу зладзілі пры падрымцы Таварыства беларускай культуры ў Літве і культурнага цэнтра імя Якуба Коласа.
Як кажа Алесь Аркуш, гэта была фактычна першая прэзентацыя гэтай кнігі, бо яна была толькі паказана на варшаўскім кніжным кірмашы:
– Там хутчэй была аўтограф-сесія. І вось атрымалася прэзентаваць гэтую кнігу менавіта ў Вільні. Недзе на пачатку 21 стагоддзя я тут жыў і працаваў. Тут у мяне шмат сяброў. На жаль, ні ва ўсіх сёння атрымалася прыйсці. Але сабраліся людзі, і мне было прыемна расказаць пра гэтую кнігу. Гэтая кніга мне дарагая тым, што яна выйшла практычна напярэдадні майго дня нараджэння. Я яе ўспрымаю як падарунак да дня нараджэння.
Аўтар дзякуе выдаўцу Раману Цымбераву за выданне гэтай кнігі, а прысутныя на прэзентацыі падзякавалі аўтару за цікавую і змястоўную сустрэчу:
– Аўтар цудоўны, і сустрэча цудоўная. І чытаў цудоўна. Я вельмі шкадую, што цяпер у гімназіі беларускай канікулы. А дзеці прыйшлі б з задавальненнем. Я думаю, што беларусам трэба часцей заглядваць да моладзі.
– Было вельмі цікава. Мне ўвогуле падабаецца паэзія. Я заўсёды хадзіла, калі маладзейшая была, у нас быў на фабрыцы Дзень паэзіі. Я чытала вершы. Вось я вырашыла прыйсці, паслухаць, узгадаць маладосць.
Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы змог набыць кнігу з аўтографам аўтара і задаць літаратару свае пытанні.
Новая кніга «Тастамент Рагвалода» Алеся Аркуша выйшла з друку ў траўні гэтага года пры падтрымцы выдавецкай ініцыятывы «Skarynyczy». Гэта дэтэктыўнае апавяданне пра Полацк, якое ўключае ў сабе прамежак часу ад княскіх часоў да ХХ стагоддзя.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł У Вільні адбылася творчая сустрэча з Алесем Аркушам pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.