Экс-прэзыдэнта Філіпін Дутэртэ затрымалі на запыт Інтэрпола. Падазраюць у арганізацыі масавых забойстваў
Нацыянальная паліцыя Філіпін пацьвярджае арышт былога прэзыдэнта Радрыга Дутэртэ раніцай 11 сакавіка, гаворыцца ў заяве, апублікаванай філіпінскім інфармацыйным агенцтвам, якое зьяўляецца службай навін урада краіны.
«Нацыянальная паліцыя Філіпін пацьвярджае, што яна дапамагала Філіпінскаму міжнароднаму цэнтру барацьбы са злачыннасьцю ў аўторак (11 сакавіка) у выкананьні паведамленьня Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) супраць былога прэзыдэнта Радрыга Роа Дутэртэ пасьля яго прыбыцьця ў міжнародны аэрапорт Ніной. Акіна з Ганконга», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паліцыя паведамляе, што для мірнай арганізацыі працэсу ў аэрапорце яны задзейнічалі 379 супрацоўнікаў.
Раней міжнародныя СМІ паведамілі аб затрыманьні 79-гадовага Дутэртэ па запыце Міжнароднага крымінальнага суда. Дачка экс-прэзыдэнта Вераніка Дутэртэ апублікавала ў сваіх Instagram stories відэа, у якім ён пытаецца аб падставах яго арышту.
Абвінавачваньні супраць Дутэртэ тычацца масавых пазасудовых пакараньняў сьмерцю падчас яго прэзыдэнцтва пад падставай барацьбы з наркатрафікам. Паводле ацэнак паліцыі, загінула больш за 6 тысяч чалавек, але праваабаронцы мяркуюць, што забойстваў было значна больш.
У 2019 годзе Дутэртэ вывеў Філіпіны з Міжнароднага крымінальнага суда. Але суд захоўвае юрысдыкцыю ў дачыненьні да злачынстваў, якія адбыліся ў краінах падчас іх сяброўства ў судзе — гэта значыць з 2016 года, калі Дутэртэ стаў прэзыдэнтам, да 2019 года.