Хроніка перасьледу 26 студзеня. Дыспэтчара чыгункі абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Вынесьлі два прысуды за сарваныя сьцягі
Затрыманага ў лістападзе дыспэтчара Беларускай чыгункі Андрэя Гаўрылюка абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»Пра гэта паведаміла «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». За што яму выставілі такія абвінавачаньні, невядома.
Раней яму інкрымінавалі «карупцыю» і «перавышэньне службовых паўнамоцтваў».
Андрэя Гаўрылюка трымаюць у СІЗА КДБ.
Стала вядома пра два прысуды за сарваныя сьцягіЛетась у кастрычніку 17-гадовы хлопец сарваў сьцяг з адміністрацыйнага будынку ў адной зь вёсак Дрыбінскага раёну.
Сьледчым ён сказаў, што яго падбухторыла 20-гадовая знаёмая, зь якой яны былі разам. Жанчына ж запярэчыла, што хлопец зрабіў усё сам. Але сьцяг трымала ў сябе дома. У пракуратуры адзначылі, што яе ўжо раней судзілі.
Хлопец віну прызнаў і выплаціў шкоду. У выніку яго асудзілі за зьдзек зь дзяржсымбаля і хуліганства на год зьняволеньня з адтэрміноўкай на год.
Жанчына віны не прызнала. Яе абвінавацілі ў зьнявазе сымболікі, уцягваньні непаўналетняга ў злачынства і злосным хуліганстве. Прысуд — тры з паловай гады «хатняй хіміі» і ў дадатак — прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня, паведаміла пракуратура.
Жыхара Магілёва за сарваны сьцяг пакаралі трыма месяцамі арышту. Паводле сьледзтва, двое сяброў праходзілі міма аднаго з будынкаў, на фасадзе якога вісеў чырвона-зялёны сьцяг — адзін з маладзёнаў пацягнуў за палотнішча, зламаў тронак, скамячыў сьцяг і кінуў на зямлю. У чым потым павініўся і раскаяўся. Яго асудзілі на тры месяцы арышту, піша «Вясна».
Затрыманьні на межах Беларусі не спыняюццаПраваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў выходныя на польска-беларускай мяжы затрымалі мужчыну. Як вынікае з кантэксту, паводле палітычных прычынаў.