Новая касьмічная мара: за 20 гадоў даляцець да Альфа Цэнтаўры з сонечным ветразем
«Каб нам выжыць як віду, трэба дасягнуць іншых зорак», — кажа славуты Хокінг. Многія астраномы не выключаюць, нагадвае ён, што вакол адной з зорак Альфа Цэнтаўры можа круціцца плянэта, падобная да Зямлі.
Канцэпцыя, на якой будуюць свой праект навуковец і бізнэсмэн, наступная: памер касьмічнага карабля трэба зьменшыць прыкладна да памераў чыпа, якім аснашчаюцца цяпер электронныя прыборы. На каляземную арбіту могуць быць запушчаныя тысячы такіх чыпаў, кожны зь якіх будзе мець свой «сонечны ветразь». Вялізны лазэр зь Зямлі павінен даць ім хуткаснае паскарэньне, якое і дазволіць даляцець да Альфа Цэнтаўры за 20 гадоў. Міні-робаты потым будуць пасылаць сабраныя дадзеныя на Зямлю.
Мяркуецца, што цана асобнага запуску можа скласьці некалькі соцень тысяч даляраў, а цана самога апарата з-за яго малых маштабаў можа быць параўнальная з цаной мабільнага тэлефона. Мільнэр гатовы ўкладаць у распрацоўку ўласныя сродкі.
Паведамляецца таксама, што ў раду дырэктараў праекту ўвайшоў заснавальнік Фэйсбуку Марк Цукербэрг. Этап падрыхтоўкі да місіі можа заняць некалькі гадоў. Аўтары праекту абяцаюць апублікаваць усе атрыманыя зьвесткі ў адкрытым доступе, а таксама запрашаюць да ўдзелу іншых вучоных і прадстаўнікоў грамадзкасьці.