Галоўны рэдактар «Мастацкай літаратуры» наведаў Слонім
Апошнім часам не рэдкасць убачыць у Слоніме міністраў і іншых высокіх начальнікаў са сталіцы ды з вобласці. Але не толькі начальнікі рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства і друку. Пісьменнікі, выдаўцы ды рэдактары выдавецтваў таксама не мінаюць наш горад.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/Novy-Viktar-SHnip-raspavyadae-dzetsyam-pra-knigi.jpg)
Распавядае дзецям пра кнігі
У пятніцу, 26 ліпеня, выданні дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў новай слонімскай кнігарні «Санет» прэзентаваў яго галоўны рэдактар паэт Віктар Шпіп.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/novy-Sluhayuts-paeta-dzetsi-i-daroslyya.jpg)
Слухаюць паэта дзеці і дарослыя
Распавёўшы пра кнігі класікаў беларускай літаратуры ды паказаўшы шыкоўныя тамы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча, якія знайшліся ў краме, Віктар Шніп заўважыў, што ім у выдавецтве патрэбна парупіцца, каб тут было больш кніг для дзяцей.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/novy-Paet-doryts-svayu-knigu-yunaj-chytachtsy.jpg)
Паэт дорыць сваю кнігу юнай чытачцы
Тым часам школьнікі малодшых класаў, якія са сваімі выхавацелямі-настаўнікамі прыйшлі ў кнігарню на сустрэчу з жывым пісьменнікам, з захапленнем слухалі расповеды Віктара Шніпа пра яго дзяцінства, пра паход у Вязанку да Янкі Купалы ды пра першае каханне. Найбольш дасціпным і актыўным слонімскім школьнікам Шніп падараваў сваю кнігу «Пугачоўскі цырульнік» з аўтографам аўтара. Той жа падарунак атрымалі ад сталічнага госця і некаторыя дарослыя.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/novy-Syargej-CHygryn-i-Viktar-SHnip.jpg)
Сяргей Чыгрын і Віктар Шніп
На пытанне карэспандэнта «ГС», ці плануюць у «Мастацкай літаратуры» выдаць кніжку кагосьці са слонімскіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар адказаў, што ў планах выдавецтва значылася выдаць сёлета да Дня беларускага пісьменства і друку кнігу «Літаратурная Слонімшчына», але гэты праект не падтрымалі фінансава слонімскія ўлады.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/Novy-CHytae-versh-dzetsyam.jpg)
Чытае верш дзецям
Мясцовым уладам застаецца, хіба, толькі падзякаваць пісьменніку і журналісту са Слоніма Сяргею Чыгрыну, які за ўласны кошт ды з дапамогай спонсараў выдае свае кнігі пра Слонім, і яны яшчэ ёсць у продажу. А то было б зусім сорамна, што ў старажытным Слоніме няма кніжак пра Слонім.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/07/Novy-Syargej-CHygryn-i-Svyatlana-Adamovich-sluhayuts-vystuplenne-Viktara-SHnipa.jpg)
Сяргей Чыгрын і Святлана Адамовіч слухаюць выступленне Віктара Шніпа
Што да сустрэчы ў кнігарні з Віктарам Шніпам, то яна прайшла жыва і з цікавасцю як для дарослых, так і для дзяцей, дзякуючы харызме сталічнага госця, які родам з вёскі Пугачы на Валожыншчыне.