„Іслач” выйшла ў лідары беларускага футбольнага чэмпіянату
Пасля суботніх матчаў ажно тры клубы набралі па 18 ачкоў.
Найбольшай нечаканасцю бягучага футбольнага чэмпіянату Беларусі можна без сумневу лічыць каманду „Іслач” – клуб. які прыпісаны да Менскага раёну. У 8 туры калектыў Віталя Жукоўскага, які быў дыскваліфікаваны за крытыку судзейства і змушаны назіраць сустрэчу з трыбуны, упэўнена з лікам 3:0 перамог ФК „Віцебск”. Мячы ў гэтай сустрэчы забівалі гвінеец Мамо Янсане (46+), Дзмітрый Рэкіш (48-я) і капітан „Іслачы” Дзмітрый Камароўскі (87-я). На рахунку Камароўскага таксама дзве голавыя перадачы.
Позна ўвечары салігорскі „Шахцёр” з такім жа лікам 3:0 перамог менскае „Дынама”. Першы тайм бела-блакітныя яшчэ пратрымаліся, а вось пасля перапынку салігорцы рэалізавалі сваю перавагу – двойчы забіў гулец зборнай Беларусі Юрый Кавалёў (на 49-й і 82-й хвілінах). Паміж гэтымі галамі з пенальці на 74-й хвіліне вызначыўся Эліс Бакай.
Напярэдадні чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ ўжо традыцыйна забраў тры ачкі у Гародні ў мясцовага „Нёмана” – 1:0. Абедзве каманды правялі вельмі бляклы матч, а для перамогі гасцям хапіла аднаго дакладнага ўдару Яўгена Яблонскага. З улікам кубкавых сустрэч „Нёман” не можа выйграць у БАТЭ ўжо 15 (!) гульняў запар, прайграўшы пры тым ажно ў 13-ці (!).
ФК „Гомель” у драматычным спаборы ў даданы час саступіў на свам полі жодзінскаму „Тарпеда” – 2:3. Пераможны мяч форвард Валерый Гарбачык забіў на 92-й хвіліне. Пасля гэтай сустрэчы ў жодзінцаў стала 17 ачкоў.
Пасля суботніх матчаў ажно тры клубы – „Шахцёр”, „Іслач” і БАТЭ набралі па 18 ачкоў і ўзначальваюць турнірную табліцу. У берасцейскага „Дынама” 17 і гульня ў запасе.
Беларускае Радыё Рацыя