Беларускія студэнты знаходзяцца з адукацыйным візітам у Беластоку
Прымаюць удзел у ім 16 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі.
У Беластоку праходзіць адукацыйны візіт пад назвай “Паспяховыя практыкі адвакацыі і публічных кампаній у Польшчы: студэнцтва і моладзь”. Прымаюць удзел у ім 16 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі. Падрабязней пра праграму візіту апавядае Алесь Зарэмбюк з „Беларускага дому” ў Варшаве, які арганізоўвае падзею:
– Праграма насычаная і вельмі розная. У асноўным гэта два аспекты. Першы – гэта пабачыць, паглядзець, як працуюць дзяржаўныя ўстановы ў розных галінах. І пабачыць, якім чынам у Польшчы адбылася трансфармацыя за апошнія 30 гадоў і якія вынікі гэтай трансфармацыі. Паспрачацца пра гэта ў дыскусіях. Другі аспект, гэта ўжо сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, з прадстаўнікамі лакальных супольнасцяў, і безумоўна з журналістамі і прадстаўнікамі ўладаў.
Між іншым, беларускія студэнты з ліку ўдзельнікаў адукацыйнага візіту завіталі і на сядзібу Беларускага Радыё Рацыя, дзе знутры пазнаёміліся са спецыфікай працы станцыі:
– Мы з сяброўкай удваіх вырашылі, што паедзем, і нас абодвух узялі. Тым больш што нядаўна былі ў Беластоку. Зачапіла тэма і горад. І пра Радыё Рацыя я не першы раз чую. На фестываль «Басовішча» ездзілі, там, канешне, на свае вочы гэта ўсё пабачылі.
Акрамя таго, мясцовы экскурсавод правёў для ўдзельнікаў экскурсію пад назвай “Беларускі Беласток”.
Адукацыйны візіт пачаўся яшчэ ад 18 жніўня і разлічаны на тры дні. Завершыцца ён 21-га.
[See image gallery at racyja.com]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток