Ультыматыўны падыход змяніўся кампрамісным, лічаць эксперты
У беларуска-расейскіх адносінах ультыматыўны падыход змяніўся кампрамісным, гаворыцца ў маніторынгу знешняй палітыкі і рэгіянальнай бяспекі „Мінскі барометр”. Дакумент, падрыхтаваны Саветам па міжнародных адносінах „Мінскі дыялог” і апублікаваны 19 верасня.
„У ліпені—жніўні тэндэнцыі да пошуку кампрамісу на аснове зніжэння ўзаемных чаканняў, адзначаныя ў папярэдняй справаздачы, атрымалі працяг і прывялі да замены ўльтыматыўнай павесткі на кампрамісную, — гаворыцца ў дакуменце. — У ліпені расейскі ўрад вуснамі [віцэ-прэм’ера] Дзмітрыя Казака яшчэ прад’яўляла ультыматум: перамовы па пастаўках газу і нафты толькі пасля вырашэння пытанняў па інтэграцыі. А ўжо да канца жніўня стала ясна, што атрыманне Расіяй новага незалежнага шляху пастаўкі газу ў Германію наўрад ці магчымае да Новага года, і, адпаведна, ультыматыўны падыход у пытаннях пастаўкі газу пазбаўляецца сваёй асновы”.
Таксама аўтары даклада згадваюць падрыхтоўку праграмы інтэграцыі Расеі і Беларусі урадамі дзвюх краін. На іх думку, яна не ўтрымлівае палітычных пытанняў, і, хутчэй за ўсё, наогул не ўтрымлівае канкрэтыкі.
„Яна ўключае план рэалізацыі 28 дарожных карт сінхранізацыі рамачных умоў у эканамічных сегментах (падатковым, бюджэтным, крэдытным, энергетычным і г.д.). Відавочна, што на вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы ў канцы года прэзідэнты ў лепшым выпадку зацвердзяць Праграму і дарожныя карты да яе”, — лічаць эксперты.
На пачатак верасня, адзначаецца ў дакладзе, найбольш верагодным развіццём беларуска-расейскіх адносін „уяўляецца захаванне нізкай канфрантацыйнасці, пацверджанне каштоўнасці саюзніцтва для абедзвюх краін, святкаванне юбілею Саюзнай дзяржавы ў канцы года”. „Цалкам верагодным таксама ўяўляецца захаванне цяперашняга ўзроўню цэн на расейскія энерганосьбіты для Беларусі яшчэ на год-два. Дамаўляцца па гэтых пытаннях на больш доўгі тэрмін не матываваны ніводзін з бакоў. Расея будзе лепш разумець сваё месца на рынку энергарэсурсаў ЕЗ і ролю Беларусі ў іх дастаўцы пасля 2021-2022 гадоў, калі, верагодна, пачне працаваць „Паўночны паток-2″, будуць збольшага рэалізаваны планы па закупках звадкаванага прыроднага газу Польшчай, запрацуюць праекты паставак трубаправоднага газу і нафты ў Кітай, — адзначаецца ў дакументе. — У Беларусі за два гады ёсць высокія шанцы скараціць энергаёмістасць эканомікі і, адпаведна, патрэбнасць у расейскіх энергарэсурсах, а таксама паэксперыментаваць з альтэрнатывамі”.
Экспертная ініцыятыва „Мінскі дыялог” працуе з сакавіка 2015 года. У траўні 2019 года яна атрымала статус савета па міжнародных адносінах. Місія арганізацыі — „даваць адкрытую і якасную дыскусійную і даследчую пляцоўку без геапалітычных раздзяляльных ліній”.
belapan.by