Міжнародны бібліятэчны кангрэс збярэ ўдзельнікаў з васьмі краін
VI Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» пройдзе 16-17 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі арганізатары.
«У бягучым годзе кангрэс збярэ каля 400 дэлегатаў з васьмі краін свету: Азербайджана, Беларусі, Германіі, Казахстана, Кыргызстана, Польшчы, Расеі, Украіны, – адзначылі ў Нацбібліятэцы. – Сярод удзельнікаў вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі».
Галоўная тэма форуму – «Паслугі і сэрвісы бібліятэк у сучаснай інфармацыйнай прасторы». Дэлегаты абмяркуюць ролю бібліятэк у інфармацыйнай інфраструктуры грамадства, тэхналогіі воблачных вылічэнняў, інавацыйныя падыходы да арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў і шмат іншага.
На палях кангрэса адбудуцца пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні, пленарнае пасяджэнне, семінар «Узаемадзеянне царкоўнай і дзяржаўнай бібліятэчных сістэм», таксама будуць працаваць пяць секцый.
У час форуму прадставяць выстаўку «Паслугі і рэсурсы бібліятэк у электронным асяроддзі», творчы калектыў пад кіраўніцтвам Паўла Харланчука пакажа ўрывак з п’есы «Біблія князя Радзівіла», выступіць спявак, кампазітар, экс-удзельнік ВІА «Песняры» Аляксандр Віслаўскі.
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.