Адзначаецца тэндэнцыя да амаладжэння раку малочнай залозы
Пра гэта паведаміў загадчык анкахірургічнага аддзялення № 1 Менскага гарадскога клінічнага анкадыспансера Аляксандр Гладышаў.
У Беларусі ў апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да амаладжэння раку малочнай залозы, паведаміў загадчык анкахірургічнага аддзялення № 1 Менскага гарадскога клінічнага анкадыспансера Аляксандр Гладышаў 15 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму месяцу барацьбы супраць раку малочнай залозы.
Паводле яго слоў, пік захворвання зараз прыпадае на ўзрост 45–69 гадоў. «Аднак калі гадоў 10 таму казуістычнымі былі выпадкі выяўлення раку малочнай залозы ў пацыентак да 30 гадоў, то цяпер штогод у нашым дыспансеры рэгіструюцца да 10 пацыентак ва ўзросце 23–25 гадоў», – адзначыў ён.
На амаладжэнне гэтага віду раку ўплывае цэлы комплекс фактараў рызыкі, а таксама дыягностыка, у сваю чаргу адзначыў загадчык лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Антон Хораў. «10 гадоў таму і больш мы не валодалі такімі дыягнастычнымі магчымасцямі, як цяпер. Сёння ў маладых жанчын мы выяўляем мікраскапічныя пухліны, якія таксама ўключаюцца ў класіфікацыю. Такім чынам лічбы сярод маладых пацыентак узрастаюць. Раней жанчыны проста насілі гэтую пухліну, яна расла, а выяўлялі яе ў больш познія тэрміны і ў больш высокай стадыі», – распавёў ён.
Хораў таксама адзначыў, што Еўрапейскае таварыства клінічных анколагаў прысвячае праблемам раку малочнай залозы ў жанчын да 40 гадоў асобную канферэнцыю. «На сёння рак у маладых жанчын з’яўляецца вельмі актуальнай праблемай, таму што тут падыходы да лячэння могуць быць іншымі», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Гладышаў звярнуў увагу на павелічэнне колькасці пацыентак з ракам малочнай залозы, звязаным з цяжарнасцю. «Цяпер мы практычна штомесяц сутыкаемся з пацыенткамі, у якіх выяўляецца рак малочнай залозы або на фоне цяжарнасці, альбо ў бліжэйшы пасля родаў час», – распавёў Гладышаў.
Паводле яго слоў, гэтая праблема вельмі важная, бо пухліна падчас цяжарнасці і ў каляродавы перыяд «працякае вельмі агрэсіўна і мае дрэнны прагноз».
На пытанне пра пухліну пры цяжарнасці, якая ўзнікла з выкарыстаннем дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, анколаг сказаў: «У маёй практыцы былі пацыенткі, у якіх на фоне стымуляцыі перад працэдурай ЭКА была дыягнаставаная пухліна. На жаль, некаторыя выпадкі заканчваліся сумна».
Паводле яго слоў, раней, да ўкаранення для дадзенай групы пацыентак спецыяльных падыходаў, працэдура ЭКА сапраўды магла нанесці жанчыне шкоду, зараз жа неабходная гарманальная стымуляцыі пры паказанай працэдуры праводзіцца «пад прыкрыццём антыэстрагенных прэпаратаў». Акрамя таго, перад працэдурай праводзіцца паглыбленае абследаванне пацыенткі на прадмет наяўнасці ачаговых утварэнняў у малочных залозах, дадаў Гладышаў.
Пры гэтым лекар выказаў меркаванне, што «пры планаванні працэдуры ЭКА анколаг ніколі не будзе лішнім».