Польшча адзначае Дзень незалежнасці
Польшча адзначае самае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. З гэтай нагоды сёння, 11 лістапада, польскі парламент змогуць наведаць усе ахвотныя.
Сёння ў Польшчы адзначаецца Свята незалежнасці. У 1918 не толькі Польшча, але і іншыя народы абвясцілі сваю незалежнасць пасля развалаў імперыяў у час Першай сусветнай вайны.
Чаму акурат Польшчы, а не Украіне ці Беларусі, удалося яе ўтрымаць, тлумачыць беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч:
– Польская дзяржава ўзнікла рэальна, абаранілася ад усіх, перамагла ў вайне з бальшавікамі. Заслуга першай Рэчы Паспалітай, той палітыцы контррэфармацыі, паланізацыі добраахвотнай шляхты ў ХVII-XVIII стагоддзях. Гэта нашчадкі той шляхты, якая ўжо ў канцы XVIII стагоддзя з усёй Рэчы Паспалітай, з Украінай, Беларуссю, Летувай, не толькі з Польшчай, адчувала сябе палякамі. Вось яны гэтую дзяржаву і стварылі.
101 гадоў таму Польшча аб’явіла дзяржаўную незалежнасць. Сёння ва ўсёй краіне праходзяць патрыятычныя ўрачыстасці.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
Польшча адзначае самае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. З гэтай нагоды сёння, 11 лістапада, польскі парламент змогуць наведаць усе ахвотныя.
З 10-ай ды 16-ай гадзіны можна будзе пазнаёміцца, у прыватнасці, з рознымі заламі ніжняй палаты парламенту. Даступныя для наведвальнікаў будуць нават тыя месцы, якія ў звычайныя дні закрытыя для свабоднага доступу.
Па словах Мікалая Калушкі з канцылярыі Сейму, выключнай падзеяй стане адкрыццё кабінета старшыні. Нельга забываць, што гэта месца, дзе працуе другая асоба ў дзяржаве.
У сваю чаргу, у вышэйшай палаце – Сенаце – наведвальнікі змогуць убачыць зал пленарных пасяджэнняў, фае, залы пасяджэнняў камітэтаў вышэйшай палаты, дзе захоўваюцца памятныя рэчы былых старшыняў.
Беларускае Радыё Рацыя