Да Вялікадня пакажуць 11 прамых трансляцый богаслужэнняў
18 красавіка будзе трансляцыя з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме сыходжання Жыватворнага агню.
Белтэлерадыёкампанія да Вялікадня правядзе 11 прамых трансляцый богаслужэнняў для хрысціян, паведамляе БЕЛТА.
9 красавіка тэлеканал „Беларусь 3” правядзе прамую трансляцыю богаслужэння ў Вялікі чацвер з архікафедральнага сабора Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Менску, а 10 красавіка – богаслужэнні ў Вялікую пятніцу. Акрамя таго, у той жа дзень можна будзе ўбачыць трансляцыю хрэснага ходу з рымскага Калізея з удзелам Папы Рымскага Францішка.
11 красавіка „Беларусь 1” і „Беларусь 24” будуць весці трансляцыю святочнага богаслужэння на Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі з архікафедральнага сабора Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Менску. 12 красавіка на „Беларусь 3” можна будзе ўбачыць прамую трансляцыю з Ватыкана велікоднага паслання і благаславення Папы Рымскага Францішка.
„Беларусь 3” 12 красавіка пакажа Боскую літургію на Вербную нядзелю з менскага Святадухаўскага кафедральнага сабора, 16 красавіка – трансляцыю ў Вялікі чацвер чыну абмывання ног, 17 красавіка – вячэрні з вынасам Плашчаніцы. У той жа дзень на „Беларусь 3” адбудзецца прамая трансляцыя ютрані з чынам пахавання Плашчаніцы са Святадухаўскага кафедральнага сабора ў Менску.
18 красавіка „НТБ-Беларусь” пакажа прамую трансляцыю з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме (сыходжанне Жыватворнага агню і Усеправаслаўная малітва аб міры на Святой Зямлі). У гэты ж дзень тэлеканалы „Беларусь 1” і „Беларусь 24” пакажуць святочнае богаслужэнне на Светлае Хрыстова Уваскрэсенне па календары праваслаўнай канфесіі з менскага Святадухаўскага кафедральнага сабора.