Ганна Пракаева: Харкаў – патрыёт, тут ніхто не чакаў “рускага свету”
На сувязі з Радыё Рацыя - Ганна Пракаева, грамадская дзяячка з Харкава. Адтуль прыходзяць страшныя навіны.
З намі на сувязі Ганна Пракаева, грамадская дзяячка з Харкава. Сёння там вельмі небяспечная сітуацыя.
РР: Ці знаходзіцеся Вы зараз у бяспецы? Бо з Харкава прыходзяць вельмі страшныя навіны.
Ганна Пракаева: Харкаў зараз – адна з самых гарачых кропак. З учарашняга дня таксама пачалі бамбіць актыўна і вобласць. Зараз ціха, але я не ведаю, што будзе ў наступную секунду. Літаральна некалькі хвілін таму быў моцны выбух побач. Таму зараз усе знаходзяцца дома, або ў метро. Я на сувязі са сваімі калегамі, яны ўсе гавораць, што мы зараз можам не выйсці на сувязь болей. Многія жывуць у спальным раёне Салтаўка. Гэта самы вялікі спальны раён ва Украіне і нават у Еўропе. Там жыве 800 тысяч чалавек. Яго зараз бамбіць авіяцыя. Адразу шэсць дамоў гарыць. Там няма ўвогуле ніякіх ваенных аб’ектаў. Там толькі супермаркеты, жылыя дамы і бальніцы. Мы людзям зараз не можам нават забяспечыць гуманітарную дапамогу. Нам гяе атовыя перадаць з Дняпра. Але нашыя валанцёры не могуць выйсці з дамоў. Яны змагаюцца і моляцца за сваё жыццё.
Фота: Снарад патрапіў у будынак школы ў раёне Салтаўка, nashaniva.com
РР: Вы займаецеся валанцёрскай дзейнасцю?
Ганна Пракаева: Так, мы дапамагаем тэрабароне. Падрабязнасці я не буду расказваць, бо ў нас вельмі шмат дыверсантаў і мы не гаворым публічна, таму я не хачу гаварыць пра гэта.
РР: Ужо некалькі дзён Харкаў падвяргаецца масіраванай атацы. Арастовіч, між іншым, сёння казаў, што гэта для таго, каб напалохаць. Паколькі расейскія войскі чакалі, што іх тут будуць сустракаць, а ніхто іх не сустракаў.
Ганна Пракаева: Гэта смешна, калі зараз абмяркоўваюць нейкі план “Б”, ці іншы ўрад. Ёсць насамрэч адзінкі, і сярод нашых валанцёраў раптам аказаліся людзі, у якіх няма разумення, што на нас напалі і мы абараняемся. Але гэта адзінкі, якія раней глядзелі толькі расейскае тэлебачанне. Ніхто іх тут не чакаў! За 8 гадоў у нас вельмі моцна узрос патрыятызм. Нават у Харкаве. Асабліва цяпер. Мы вельмі далёкія ад “рускага свету”. Я проста здзіўляюся іхнай дэзінфармацыі. Яны абсалютна не валодалі інфармацыяй адносня мясцовага насельніцтва. Мы не чакалі рускіх. Мы – Украіна. Літаральна два тыдні таму ў нас вялізны мітынг адбыўся. Вялізная колькасць людзей выйшла на вуліцы, і яны казалі, што Харкоў – гэта Украіна. І харкаўчане заявілі, што тут не чакаюць “рускі свет”. І нават тыя, хто калісьці падтрымліваў “Харкаўскую народную рэспубліку”, такіх людзей практычная няма. Харкаў – патрыёт, ён даўно ўжо выбраў свой вектар.
РР: Чаму расейскія войскі так узяліся за Харкаў, так яго атакуюць?
Ганна Пракаева: Гэта другі па велічыні пасля Кіева горад. Гэта стратэгічны горад. Тут шмат стратэгічных аб’ектаў знаходзіцца. Зараз актыўна ідуць баі і за Марыупаль. Зараз палова маіх калег з Марыупаля сядзяць без электрычнасці, не могуць выйсці на кантакт.
РР: Як паводзіць сябе мясцовая ўлада? Як мы назіраем за інфармацыяй, кіраўнікі ўкраінскіх гарадоў вельмі мужна сябе паводзяць. Напэўна, прыклад бяруць з Уладзіміра Зяленскага.
Ганна Пракаева: Так, у нас зараз вельмі моцна падтрымліваюць Зяленскага. Калі да гэтага была вялікая крытыка, нейкія расчараванні, то зараз назіраецца аб’яднанне ўсіх людзей, у нас адзіны лідар – Зяленскі. Былі прыклады здрады, напрыклад, галава Купінска, але ў асноўным мясцовыя ўлады да канца адстойваюць украінскую пазіцыю. У нас зараз такая моцная з’ява, многія кажуць жартам: “Дзякуй Расеі! Украінцы так ніколі не аб’ядноўваліся, як зараз!” І гэты супольны дух – ён проста неймаверны. Як людзі падтрымліваюць тэрытарыяльную абарону, як яны выходзяць. У нас літаральна пару дзён таму 100 тысяч чалавек запісаліся ў тэрабарону. У нас як ніколі людзі бароняць сваю краіну. Я зараз пытаюся ў сваіх калег. У нас зараз небяспечна. Але ва ўсіх адно і тое ж. Мы не дамаўляліся. Але ва ўсіх адна і тая ж ідэя: гэта мая зямля, мой дом. І я буду тут да канца.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя