Вайна ва Украіне, 12 сакавіка
17-ы дзень армія і народ Украіны трымаюць гераічную абарону ад нападу расейскага агрэсара.
Расейскія вайскоўцы затрымалі мэра акупаванага Мелітопаля
Расейскія вайскоўцы прымушаюць кіраўнікоў уладаў захопленых украінскіх гарадоў пераходзіць на іх бок.
Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Кірыл Цімашэнка паведаміў пра выкраданне расейцамі мэра Мелітопаля Івана Фёдарава і апублікаваў відэазапіс, як гэта адбывалася.
Днём раней таксама ў Мелітопалі расейцы ўварваліся ў дом дэпутаткі Запарожскай абласной рады, прадстаўніцы крымскататарскага народу Лэйлы Ібрагімавай, правялі вобшук, канфіскавалі тэлефоны, а яе саму вывезлі ў невядомым кірунку. Яна ўваходзіць у фракцыю партыі Пятра Парашэнкі «Еўрапейская салідарнасць». Пазней яе вызвалілі, але сувязі з ёй няма.
Мелітопаль знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў. Жыхары горада рэгулярна выходзяць на пратэсты супраць расейскага ўварвання. Сёння жыхары Мелітопаля выйшлі на акцыю пратэсту з патрабаваннем вызваліць кіраўнікага іх горада. Расея адмаўляе, што вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны на яе тэрыторыі і называе гэта «спецаперацыяй», накіраванай на «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю». Раней Крэмль заяўляў, што не будзе чапаць мірных жыхароў падчас сваёй так званай «аперацыі».
***
Сацыёлагі апыталі беларусаў, ці падтрымалі б яны ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай
Сацыёлаг Рыгор Астапеня (Chatham House, Вялікая Брытанія) апублікаваў папярэднія вынікі апытання пра магчымае далучэнне беларускага войска да вайны супраць Украіны на баку Расеі.
Сярод апытаных гараджанаў толькі 3% падтрымалі б такі крок. Больш падрабязныя вынікі апытання будуць апублікаваныя на працягу наступных 2 тыдняў.
***
Расейцы абстралялі анкалагічны шпіталь у Мікалаеве
Начальнік абласнога ўпраўлення здароўя Максім Безнасенка паказаў наступствы начных абстрэлаў анкалагічнага шпіталя ў Мікалаеве. Як паведаміў Безнасенка ў Facebook, у выніку атакі акупантаў пашкоджаны вокны і карэты „хуткай дапамогі”, прыпаркаваныя на тэрыторыі медустановы. Кулі ворага трапілі прама ў палаты і кабінеты лекараў.
На Кіеўшчыне ў выніку абстрэлу загарэўся склад захоўвання замарожанай прадукцыі.
Мэр Дняпра Барыс Філатаў патлумачыў сённяшнія выбухі ў Дняпры працай СПА. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. „Папярэдне, ахвяр і разбурэнняў няма”, – адзначыў Філатаў.
***
ААН мае доказы выкарыстання расейцамі касетных боепрыпасаў ва Украіне
ААН атрымала доказы выкарыстання расейскімі войскамі касетных боепрыпасаў. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Вярхоўнага камісара арганізацыі па правах чалавека Элізабет Тросел.
„Выкарыстанне касетных боепрыпасаў у населеных пунктах праз іх шырокае дзеянне несумяшчальна з прынцыпамі міжнароднага гуманітарнага права, якія рэгулююць вядзенне баявых дзеянняў”, — падкрэсліла яна.
Элізабет Тросел папярэдзіла ўлады Расеі, што „накіраваныя атакі супраць грамадзянскіх асоб і грамадзянскіх аб’ектаў… могуць быць прыраўняныя да ваенных злачынстваў”.
Як нагадвае hromadske.ua, касетны боепрыпас выбухнуў у Вугледарскай лякарні. Тады загінулі 4 чалавекі, яшчэ 10 атрымалі раненні. Таксама ад касетных боепрыпасаў загінулі 9 мірных жыхароў у Харкаве, яшчэ 37 былі параненыя.
***
У сталіцы краіны, Кіеве, у ноч з пятніцы на суботу адбылося найменш тры паветраныя трывогі. Як падае CNN, ранкам суботы ў горадзе было чуваць некалькіхвілінную серыю абстрэлаў. Украінскія СМІ паведамляюць таксама пра выбухі ў Васількавым пад Кіевам і ў Крапіўніцкім (былы Кіраваград) і пра выбухі ў горадзе Дняпро.
***
17-ы дзень армія і народ Украіны трымаюць гераічную абарону ад нападу расейскага агрэсара.
Аператыўная сітуацыя паводле Генеральнага штаба УСУ на 6.00 раніцы:
Вайна ідзе з 24 лютага, за гэты час загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, больш за 2 мільёны чалавек сталі ўцекачамі, разбураны шматлікія аб’екты інфраструктуры. У руках расейскіх акупантаў застаецца захопленая Чаргобыльская АЭС. Пад абстрэламі з пачатку вайны застаецца Харкаў, траціна жыхароў якога здолела эвакуявацца. У горадзе шматлікія разбурэнні і ахвяры, украінскія войскі і тэрытарыяльная абарона спрабуюць контратакаваць, над Харкавам ужо збілі шмат расейскіх самалётаў. Расейцы працягваюць спробы з поўначы прарвацца ў Кіеў, яны разбурылі і захапілі прыгарады сталіцы Бучу, Гастомель і іншыя. Украінскае войска трымае абарону Кіева. Паводле мэра горада Віктара Клічко, амаль палова жыхароў эвакуявалася.