Томаш Казлоўскі: На фоне вайны Крэсы – той якар, які трымае Беларусь у еўрапейскай супольнасці
У Беластоку праходзяць 23-ыя Дні культуры Крэсаў. Сёлета на мерыпрыемстве няма ўдзельнікаў з Беларусі, аднак Беларусь не знікае з павесткі абмеркавання.
Прынамсі важнасць беларускай супольнасці для «крэсаў» як агульнай спадчыны края падкрэсліў прадстаўнік варшаўскай ініцыятывы «Дом спатканняў з гісторыяй» Томаш Казлоўскі:
– Паміж намі і беларусамі так шмат агульнага, што няма мовы, каб мы забыліся на тое, што па той бок мяжы беларусы. У гэты час беларусы не могуць стаць свабоднымі ў сваёй краіне, бо маюць расейскую шапку, якая сілай насунута на галаву. Не думаю, што хтосьці ў здаровым розуме ў Польшчы меў якуюсць праблему ў адносінах з беларусамі.
Старшыня Таварыства сяброў Гародні і Вільні Рафал Церняк патлумачыў адсутнасць беларускіх удзельнікаў на Дня культуры Крэсаў сёлета:
– Няма ўдзельнікаў з Беларусі. Але ёсць сярод арганізатараў беларусы. Яны прыехалі на працягу мінулых гадоў, вучыліся ў Польшчы і засталіся тут. Між імі і мая намесніца. Сёлета няма гуртоў з Беларусі, няма канцэртаў. Няма таксама гандляроў на кірмашы. Гэта не таму, што мы іх не прынялі. Папросту яны ў гэтым годзе не выявілі жаданне. Мы, палякі, мусім памятаць, што Расея і Беларусь, гэта краіны, якімі кіруюць злыя людзі, але мы не павінны забываць пра жыхароў тых краін.
У межах адкрыцця 23-ых Дзён культуры Крэсаў ля помніка Пілсудскаму былі ўскладзены кветкі і прайшлі культурніцкія чытанні ў Падляшскай бібліятэцы. Мерыпрыемства працягне сваю працу ў нядзелю традыцыйным кірмашом «Казюкі» на пляцы ля беластоцкага Драматычнага тэатру.
Беларускае Радыё Рацыя