Бібліятэка, якая прапагандуе роднае слова
У бібліятэцы прыцягвае ўвагу вялікая галерэя партрэтаў славутых беларусаў – Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых.
Artykuł Бібліятэка, якая прапагандуе роднае слова pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Вёска Ула Бешанковіцкага раёна добра вядома не толькі ў сваім рэгіёне, але і па-за межамі яго. Знаходзіцца Ула на левым беразе Заходняй Дзвіны. Славіцца вёска сваімі касцёлам Святога Духу (1853-1864) і праваслаўнай Троіцкай царквою (1896). А яшчэ ў вёсцы Ула ёсць цудоўная бібліятэка, дзе працуюць выдатныя бібліятэкары Галіна Смалярова і Святлана Прышчэпа. Гэтыя жанчыны ўсё робяць дзеля таго, каб жыло роднае слова, каб чытачы больш чыталі кніг на беларускай мове.
У бібліятэцы прыцягвае ўвагу вялікая галерэя партрэтаў славутых беларусаў – Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Бібліятэкары стварылі свой літаратурны каляндар, дзе нагадваюць пра сваіх пісьменнікаў-землякоў. Цяпер аформлена выстава, прысвечаная паэту Давіду Сімановічу.
Бібліятэкары збіраюць звесткі пра свайго земляка мастака Івана Хруцкага, арганізавалі выставу, прысвечаную 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Наогул, выстаў у бібліятэцы шмат. Гэта і этнаграфічны невялікі куток, і выстава, прысвечаная беларускай казцы, свайму Бешанковіцкаму раёну і шмат чаго яшчэ.
Па словах бібліятэкараў, чытачоў у іх многа. Гэта і школьнікі прыходзяць, і дарослыя наведваюць і чытаюць літаратуру самую разнастайную, а таксама прымаюць усе ўдзел у розных літаратурна-музычных мерапрыемствах. “Галоўнае тое, што найбольш вяскоўцы цікавяцца беларускай літаратурай, яе аўтарамі, новымі выданнямі, а гэта для нас – самае галоўнае”, — кажуць супрацоўнікі бібліятэкі з вёскі Ула.
Фота аўтара:
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Бібліятэка, якая прапагандуе роднае слова pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.