Агляд прэсы: не ўпусціць шанец
Аб'ектам нападу кіраўнік беларускай выведкі назваў Польшчу. Джонсан і Зяленскі як апошняя перашкода для Пуціна. Атам і газ: Еўрапарламент ухваліў новую таксанамію. Ці пагражае крызіс расійскай эканоміцы?
Artykuł Агляд прэсы: не ўпусціць шанец pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Аб’ектам нападу кіраўнік беларускай выведкі назваў Польшчу. Джонсан і Зяленскі як апошняя перашкода для Пуціна. Атам і газ: Еўрапарламент ухваліў новую таксанамію. Ці пагражае крызіс расійскай эканоміцы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Намеснік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі, кіраўнік беларускай выведкі Руслан Касыгін прыстрашыў, што ў выпадку канфлікту паміж Беларуссю і NATO «тэрыторыя Польшчы разам з яе ваеннай інфраструктурай стане першай мішэнню нападу Беларусі», – паведамляе польскае выданне Warsawinstitute.
«Гаворка ідзе пра цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты пастаяннай дыслакацыі і арсенал нацыянальных польскіх узброеных сіл, важныя аб’екты эканомікі і транспартнай інфраструктуры краіны. Таксама спадар Касыгін заявіў, што ЗША і іх эўрапейскія саюзьнікі рыхтуюцца да прамога ўзброенага канфлікту зь Беларуссю і Расеяй на падставе стрымлівання пагрозаў з Усходу. Чыноўнік заявіў, што ЗША і іх саюзнікі маюць на мэце ўсталяванне ў Беларусі марыянетачнага ўрада. Аднак нагадаем, што Польшча не заяўляла пра зацікаўленасць і намер уварвацца ў Беларусь», – падкрэслівае польскае выданне.
agliad presy_world news_adbiuka ap_jk
Прэм’ер Джонсан «выкінуў белы сцяг»: пасля таго як з-за нязгоды з яго дзеяннямі на пасадзе кіраўніка ўрада ў адстаўку падалі міністр фінансаў Рышы Сунак, міністр аховы здароўя Саджыд Джавід і цэлы шэраг іншых членаў кабінета, у чацвер Джонсан, па паведамленнях СМІ, аб’явіў пра тое, што сыходзіць з пасады лідара Кансерватыўнай партыі. Аднак ён мае намер да восені заставацца кіраўніком урада, насуперак усім шматлікім скандалам. Меркаванні аглядальнікаў палярна разыходзяцца.
«Мала хто з сусветных палітыкаў дае такі рэзкі адпор Пуціну, як Джонсан», – адзначае швейцарская газета Blick.
«Джонсан шмат што сабе дазваляў. Але гэтыя ўнутрыпалітычныя перакосы не павінны засланяць сабой галоўнага: Еўропа зараз мае патрэбу ў Джонсане як ніколі раней. Ніводны з сусветных палітыкаў – за выключэннем украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага – не выступаў з такім выразным адказам Пуціну. Праціўнікі Джонсана абвінавачваюць яго ў тым, што ён у большай ступені блазан, чым кіраўнік урада. Усяк можа быць. Аднак яны выпускаюць з-пад увагі наступнае: сур’ёзнымі палітычнымі лідэрамі, якія даюць Крамлю хоць колькі-небудзь значны адпор, цяпер з’яўляюцца менавіта такія клоуны, як Джонсан, ці былы комік Зяленскі. Яны зараз вельмі неабходны свету. Мяркуючы па ўсім, толькі яны настроены на тое, каб перашкодзіць крываваму паходу жорсткага дыктатара з Масквы», – катэгарычна падкрэслівае швейцарскае выданне.
Еўрапарламент ухваліў лютаўскую прапанову Еўракамісіі, паводле якой інвестыцыі ў атамную энергетыку і здабычу прыроднага газу пры выкананні шэрагу крытэрыяў могуць класіфікавацца як экалагічна чыстыя і ўстойлівыя. З 705 дэпутатаў супраць такой таксанаміі прагаласавалі 328. Аўстрыя і Люксембург маюць намер апратэставаць рашэнне. Старонкі еўрапейскай прэсы ілюструюць увесь спектр меркаванняў. Бельгійская газета La Libre Belgique лічыць, што тым самым ЕЗ здае свае пазіцыі ў справе аховы клімату.
«Увёўшы свой “Новы зялёны курс”, Еўрапейскі звяз стаў свайго роду першапраходцам. Але зараз ён прапускае важную магчымасць падтрымаць гэты імпульс і зарэкамендаваць сябе ў якасці ўзору для пераймання ў справе барацьбы са змяненнем клімату, што мела б месца, калі б супольнасць прадставіла сур’ёзную і амбіцыйную класіфікацыю таго, што з’яўляецца ўстойлівым, а што – не. І ў той жа самы час неабходна хутка і масава накіроўваць будучыя інвестыцыі ў развіццё зялёных тэхналогій, каб рэальна зрабіць Еўропу больш устойлівым кантынентам», – адзначае бельгійскае выданне.
Расея мае намер прыстасаваць эканоміку да ўмоваў ваеннага часу. Дзярждума адобрыла законапраект, які сярод іншых мер прадугледжвае, што кампаніі і прадпрыемствы надалей не маюць права адмаўляцца ад заключэння кантрактаў па дзяржабаронзамове на пастаўку тавараў, выкананне работ і аказанне паслуг. Ці можна расцэньваць гэта як знак таго, што расейская эканоміка пагрузілася ў крызіс, і санкцыі ўсё ж такі робяць сваю справу? Меркаванні прэсы разыходзяцца. Польская Gazeta Wyborcza не згодная з высновамі брытанскага часопіса The Economist, які адзначае ўстойлівасць расейскай эканомікі.
«Аўтарытэтны і ўплывовы штотыднёвік сцвярджае, што расейская эканоміка зноў устала на ногі. Аднак нават афіцыйныя расейскія статыстычныя дадзеныя наглядна дэманструюць, што краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Чакаецца высокае беспрацоўе, перш за ўсё ў прамысловых рэгіёнах, па якіх удараць абмежаванні ў сферы экспарту і імпарту камплектуючых і прамежкавых прадуктаў. Тыя з пуцінскага акружэння, хто займаецца эканомікай, патрабуюць ажыццявіць у гэтай сувязі нейкія меры. Яны патрабуюць распрацоўкі стратэгіі, якая б дазволіла вызваліцца з гэтай пасткі. Але пакуль што ніякіх прапановаў на гэты конт прадстаўлена не было», – паведамляе польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Агляд прэсы: не ўпусціць шанец pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.