Павел Латушка: На сёння ў Беларусі няма прэзідэнта
Студыю Радыё Рацыя наведаў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, з якім адбылася размова.
Artykuł Павел Латушка: На сёння ў Беларусі няма прэзідэнта pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Госць Рацыі — кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
РР: Пачнем размову з такога пытання: а кто зараз у Беларусі прэзідэнт?
Павел Латушка: Напэўна не Лукашэнка. Святлана Ціханоўская не прыняла такога рашэння. Так што на сёння ў Беларусі няма прэзідэнта.
РР: А менавіта чаму Святлана Ціханоўская маўчыць у гэтай справе? Магла б сказаць, што я прэзідэнт, абраны беларускім народам.
Павел Латушка: Гэтае пытанне варта паставіць да Святланы Ціханоўскай. Я не магу казаць за яе. Я магу толькі даць ацэнку, як палітык, як беларус. Зразумела, што Святлана Ціханоўская выйграла выбары ў 2020 годзе, я думаю, у большасці беларусаў, якія якраз і аддалі за яе галасы, у гэтым не было ніякага сумневу. Мы, канешне, чакалі, што ў той момант адбудзецца яе ўступленне ў пасаду. У Беларусі, на жаль, гэта было немагчыма, бо рэпрэсіі пачаліся адразу. Я памятаю, дарэчы, першую сустрэчу з ёй, калі яна мяне запытала, ці варта гэта зрабіць, і я выказаў на той момант сумнеў. І я шкадую.
РР: А чаму?
Павел Латушка: Бо ў той момант, напэўна, мне не хапіла палітычнага досведу, я думаў, што варта прайсці ўсе гэтыя дэмакратычныя працэдуры – абскарджванне ў судзе… Гэта была, канешне, такая ілюзія ўнутры мяне. Пазней, практычна праз тыдзень мы сустрэліся ў Вільні, і я ўжо апеляваў, вельмі моцна, пра неабходнасць інагурацыі. Мы распісалі ўсю працэдуру інагурацыі. Гэта было фактычна некалькі дзён паміж сустрэчамі. І распісалі працэдуру, каго варта запрасіць, як гэта зрабіць, каб гэта было публічна, каб паказалі ўсе сродкі масавай інфармацыі. Каб быў створаны адразу ўрад. Каб ён пачаў выконваць функцыі. На той момант яна не рашылася на гэта. І пазней усе размовы, якія з ёй адбываліся, то яна казала, што не гатовая прыняць гэтае рашэнне. Тлумачыла тым, што калі выбары не прызнаныя, калі няма сведчанняў ні аднаго і ні другога варыянту, то гэтага не зразумеюць замежныя партнёры. Мне здаецца, што тут трэба было праявіць палітычную волю. Але гэта не тупіковая сітуацыя, трэба ісці далей.
РР: На пачатку ліпеня вы заявілі на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, што ў жніўні будзе арганізаваны Кангрэс беларусаў, дарэчы разам з Офісам Святлана Ціханоўскай, і ён мог бы стаць устаноўчым сходам, які пачаў бы працэс стварэння інстытутаў нацыянальнай улады. Штосьці робіцца ў гэтай справе?
Павел Латушка: Яшчэ напярэдадні вайны, не ведаючы, што вайна пачнецца, мы сустракаліся ў Вільні – каманды Офіса і народнай антыкрызіснага ўпраўлення – і абмеркавалі, дзе будзе тая «чырвоная лінія», калі Святлана Ціханоўская, як чалавек, які мае мандат ад беларусаў, прыме рашэнне пра стварэнне ўраду. І было падкрэслена, што такой «чырвонай лініяй» будзе вайна. Вайна пачалася 24 лютага. У мяне адразу з раніцы была размова са Святланай, і фактычна тады нам удалося сумесна прыняць рашэнне, мы пераконвалі яе і пераканалі, каб яна аб’явіла аб стварэнні нацыянальных органаў улады Беларусі. Мы чакалі далейшых крокаў і спадзяваліся, што будзе накіраваны ліст аб прызнанні да замежных партнёраў. Ён не выйшаў. З улікам таго, што гэтае рашэнне зацягвалася, мы пачалі казаць аб неабходнасці таго, каб склікаць Кангрэс, як устаноўчы орган, які мог бы стварыць легітымныя органы ўлады. Учора адбыліся апошнія кансультацыі. На жаль, пакуль не вырашана пытанне, і я вельмі занепакоены гэтай справай.
Цалка размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Павел Латушка: На сёння ў Беларусі няма прэзідэнта pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.