Маці загінулага ва Ўкраіне беларуса, якая прыняла за яго ўзнагароду, гэта вядомая гомельская выкладчыца, якую рэпрэсавалі
Камандзір роты выведкі Павал Волат, які стаяў каля вытокаў утварэньня Палка Каліноўскага, і загінуў 15 траўня падчас выкананьня баявой задачы на поўдні Украіны, паведамляецца на старонцы палка ў Фэйсбуку.
Рашэньнем Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пасьмяротна прадстаўлены да ўзнагароды: мэдаля «Україна понад усё!». У палку правялі воінскі рытуал перадачы ўзнагароды загінулага камандзіра. Мэдаль Паўла Волата перадалі яго маці Натальлі.
«Хлопчыкі, я жадаю вам, каб вы ўсе вярнуліся ў Беларусь з перамогай!» — зьвярнулася да байцоў Палка Каліноўскага маці Паўла Волата. Гэта Натальля Суслава, былая выкладчыца расейскай літаратуры ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Яна кандыдатка філялягічных навук. Увосень 2020 году яе пакаралі 8 сутакамі арышту за ўдзел у акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Пасьля вызваленьня яна дала інтэрвію Свабодзе і расказала, у прыватнасьці, што адным зь яе студэнтаў быў Сяргей Ціханоўскі.
У гэты дзень рэкруты Палка Каліноўскага прынесьлі ўрачысты зарок на вернасьць Беларусі і пакляліся біцца за яе свабоду і незалежнасьць.