У Расеі затрымалі больш за 700 удзельнікаў акцый супраць мабілізацыі
Больш за 700 удзельнікаў акцый пратэсту супраць мабілізацыі былі затрыманыя ў суботу ў Расеі. Больш за палову зь іх — у Маскве і Пецярбургу. Такія зьвесткі «ОВД-инфо» на вечар 24 верасьня.
Правесьці акцыі заклікаў рух «Весна». Аб месцы правядзеньня акцый было абвешчана толькі сёньня.
Паводле дадзеных «ОВД-инфо», у Маскве былі затрыманыя больш за 300 чалавек, у Пецярбургу больш за 100. Акцыі як такія не пасьпелі пачацца, паліцыя стала затрымліваць людзей яшчэ да заяўленага часу іх пачатку. У Маскве людзей затрымлівалі на Чыстых прудах.
Як паведамляе «ОВД-инфо», у Маскве сярод затрыманых была непаўналетняя інвалід па зроку.
Затрыманьні працягнуліся ў Зарадзьдзі, куды дайшлі некалькі дзясяткаў удзельнікаў шэсьця.
У Пецярбургу людзей затрымлівалі на Садовай вуліцы. АМАП ужываў дубінкі і электрашокеры.
Паводле відавочцаў, людзей на акцыях было менш, чым на пратэстах у дзень аб’яўленьня мабілізацыі — 21 верасьня.
Акцыі пратэсту, анансаваныя «Весной», прайшлі сёньня таксама ў іншых гарадах Расеі. У шэрагу гарадоў — дзясяткі затрыманых, напрыклад у Навасібірску іх каля 70.
Усе акцыі не былі ўзгоднены з уладамі — акцыі пратэсту ў Расеі не ўзгадняюць з сакавіка 2020 году на падставе пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.
Пасьля акцый пратэсту 21 верасьня ў Расеі былі затрыманыя больш за 1000 чалавек. Многім з затрыманых маладых мужчын уручылі позвы ў ваенкаматы.
21 верасьня 2022 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’явіў у краіне мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Прэзыдэнт назваў яе частковай, аднак у адкрытай частцы ўказу ніякімі парамэтрамі, за выключэньнем прадугледжаных заканадаўствам, яна не абмежаваная. З многіх рэгіёнаў паступаюць паведамленьні аб масавым прызыве людзей.