Выйшлі на волю яшчэ два палітвязьні: Аляксандр Мілашэўскі і Андрэй Пятроўскі
Ініцыятыва dissidentby паведаміла, што сёньня выйшлі на волю палітвязьні Аляксандр Мілашэўскі і Андрэй Пятроўскі.
Аляксандр Мілашэўскі — жыхар Менску. Ён быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі па «справе Зельцэра». Аляксандар знаходзіўся ў СІЗА-1, калі скончыўся тэрмін пакараньня.
Андрэй Пятроўскі — настаўнік са Смаргоняў. Перад Днём Канстытуцыі ён паказваў 11-й клясе відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю» зь лягатыпам, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Да таго ж настаўнік расказваў пра бел-чырвона-белы сьцяг, бо дзеці задавалі пра яго пытаньні.
Яго «здаў» вучань, сын чыноўніцы. За «паклёп на Лукашэнку» Пятроўскага асудзілі на паўтара году калёніі. Андрэй адбываў пакараньне ў ПК-2 ў Бабруйску.
На гэты момант беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі каля 1500 чалавек.