Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 чалавек, сярод іх палітык Дзьмітрыеў і сям’я рэпэтытара Лівянта
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 чалавек, зараз іх у Беларусі 1450, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», піша BPN.
Адпаведны статус атрымалі асуджаныя па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу:
Міхаіл Кудлач (2 гады пазбаўленьня волі),
юрыст Яўген Папакуль (1 год),
экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Андрэй Дзьмітрыеў,
рэпэтытар Яўген Лівянт з жонкай Юліяй Лівянт, дачкой Ганнай Лівянт і зяцем Мікітам Драздом, калега Лівянта і саўладальнік адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Аляксей Іваноў,
культуроляг, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксана Зарэцкая,
маці палітвязьняў, музыкаў гурту Litesound братоў Дзьмітрыя і Ўладзімера Каракіных Вольга Каракіна,
віцебскі арт-мэнэджар і музыкант Уладзімер Булаўскі,
актор тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэй Трызубаў,
асьпірант гістарычнага факультэту БДУ Юры Ўласюк,
блогер Іван Марозаў,
Ілона Зайцава, Ганна Кавалёва, Ала Новікава, Васіль Шалькевіч.
Таксама палітвязьнем прызнаны Андрэй Карпенка, асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) КК.
Адпаведную заяву, акрамя «Вясны», падпісалі Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, ініцыятывы Lawtrend і Human Constanta.