Памяці Сяргея Зылькова
Чалавекам ён быў шырокай народнай душы, адданы нацыянальны патрыёт, які быў як крэмень.
Artykuł Памяці Сяргея Зылькова pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Вестка пра смерць Сяргея Зылькова, сталага слухача нашага радыё, фундатара, шчырага беларускага патрыёта, прыйшла са спазненнем. У такі час жывем. Ён, ад пачатку 1990-ых гадоў мінулага стагоддзя і да смерці быў сябрам Таварыства Беларускай Мовы, дапамагаў словам, справай і уласнымі фінансамі ў тым, каб была Беларусь.
Сяргею Зылькову было 84 гады. Шмат гадоў ён узначальваў прыватнае прадпрыемства „Свідравіна” – сапраўднае наша тэхналагічнае прадпрыемства, якое давала людзям пітную ваду, выконвала розныя тыпы работ па дрэнажы (адводу вады ад аб’ектаў). Апошнія буйныя праекты „Свідравіны” – гэта дрэнажныя працы пры пабудове гарадзенскай, а таксама полацкай гідраэлектроўняў.
Чалавекам ён быў шырокай народнай душы, адданы нацыянальны патрыёт, які быў як крэмень, калі хтосці імкнуў яго перацягнуць на слізкую дарожку прыстасаванства. Да нашай сапраўднай гісторыі людзі, такія як ён, тэхнічнага складу, падыходзяць грунтоўна: аналізуюць, падыходзяць няспешна, ствараючы там, дзе працуюць, моцную каманду людзей.
Лёс чалавека па-рознаму прыводзіць да ўсведамлення сябе прыналежным да той ці іншай нацыі. У Сяргея Зылькова магчыма шлях пачаўся ад вялікай любові да рыбалкі ў розных месцах Гарадзеншчыны, незалежна ад пары году. Такія паездкі выклікалі жывы інтарэс да прыроды і да месца там чалавека, нашага беларускага, яго сыгнэт памяці. Прыкладам пра месца гібелі паўстанцаў Каліноўскага ў гушчары Лісіныя Норы ля Кадыша ён даведаўся, прачытаўшы турыстычную інфармацыю пра Аўгустоўскі канал, куды часта ездзіў на рыбалку. Паехаў сам, паглядзеў на магілку, агароджаную драўляным штыкетнікам, са збуцьвелым крыжам, які стаяў у тым месцы. І пастанавіў сабе – аднавіць памяць палеглым, усталяваўшы новы помнік. Да ідэі прыцягнуў іншых беларускіх бізнесоўцаў, з якімі быў на хвалі нашага Адраджэньня. Знак адкрывалі з удзелам прадстаўнікозў дыпламатычнага корпусу, райвыканкаму ды купалаўскага ўніверсітэту. Сяргей Зылькоў дзяліўся ўзрушанымі меркаваннямі мясцовых жыхароў…
Усе справы Сяргей Зылькоў рабіў з уласных сродкаў, падтрымліваў падпіску „Нашага слова” – каб газета дайшла ў бібліятэкі раённых школаў – казаў ён. Быў шчырым беларускім патрыётам у розных іншых справах.
Жыццё Сяргея Зылькова было моцна звязана з беларускай Гародняй, яго аднадумцамі рознага веку. Пэўна, што асоба Сяргея Зылькова знойдзе ў нашай гісторыі пачэснае месца.
Светлая памяць…
Artykuł Памяці Сяргея Зылькова pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.