«Зеркало»: У бальніцах Гомельскай вобласьці мэдыкаў цяпер звальняюць толькі па ўзгадненьні з выканкамам
У Рэчыцкай раённай бальніцы супрацоўнікаў, якія хочуць сысьці, цяпер звальняюць пасьля ўзгадненьня зь мясцовым выканкамам. Як даведалася «Зеркало», такая сыстэма ўжо дзейнічае па ўсёй Гомельскай вобласьці — гэта распараджэньне мясцовых чыноўнікаў.
«У адзін дзень загадчыца прыйшла з мэдычнай пяціхвілінкі і кажа: выйшла распараджэньне, цяпер усе звальненьні — толькі з дазволу выканкама», — на ўмовах ананімнасьці распавяла «Зеркалу» супрацоўніца Рэчыцкай ЦРБ.
Паводле яе, у адміністрацыі не патлумачылі, чыё гэтае распараджэньне і якімі дакумэнтамі рэгулюецца. Жанчына кажа, што ў бальніцы ад новаўвядзеньня былі «мякка кажучы, у шоку», хоць яна і яе калегі і не зьбіраюцца зараз мяняць працу.
Як расказала супрацоўніца Рэчыцкай ЦРБ, нагрузкі ў яе шпіталі цяпер «вар’яцкія» з прычыны вялікага недахопу супрацоўнікаў — пачынаючы ад санітарак і заканчваючы лекарамі. Раней лекары, каб падзарабіць бралі ў якасьці падпрацоўкі вольныя стаўкі, расказвае жанчына, але нядаўна ім сказалі, што гэтыя нікім не занятыя стаўкі будуць скарачаць.
«Атрымліваецца, мы працу будзем рабіць тую ж, а грошай атрымліваць — менш, даплачваць ніхто не зьбіраецца», — распавяла жанчына.
У сярэдзіне верасьня ў раённай бальніцы Рэчыцы было па 15 вакансіяў лекараў-спэцыялістаў і санітарак, яшчэ 20 чалавек — на пазыцыю сярэдняга мэдыцынскага пэрсаналу.
Журналістка «Зеркала» патэлефанавала ў Рэчыцкую цэнтральную раённую бальніцу як патэнцыйны кандыдат на адну з вакансій і спытала, ці праўда звальненьне супрацоўніка там узгадняюць зь мясцовымі чыноўнікамі.
«Па дамове бакоў — узгадненьне з выканкамам цяпер ва ўсіх раёнах», — сказалі па тэлефоне ў бальніцы і дадалі, што такую меру ў шпіталі ўвялі, «каб не было цякучкі працаўнікоў».
У той жа час на пытаньне журналісткі, што калі чалавеку давядзецца звольніцца, напрыклад, у сувязі зь пераездам па працы мужа, ёй адказалі, што ў такім выпадку гэта будзе звальненьне не па дамове бакоў, а па патрабаваньні работніка, таму «ў такой сытуацыі ўзгадненьне з выканкамам ня трэба».
Таксама журналістка выданьня як фізычная асоба патэлефанавала ў Галоўнае ўпраўленьне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму, там пацьвердзілі, што такое распараджэньне ёсьць.
«Гэта, каб не было цякучкі кадраў, у бальніцы па кожным супрацоўніку зьбіраюць інфармацыю — і ўзгадняюць яго звальненьне з выканкамам. Гэта мясцовае распараджэньне, гомельскае. У іншых гарадах гэтага няма», — адказалі ў ведамстве.
Мэдыкі зь іншых рэгіёнаў, зь якімі пагутарыла «Зеркало», казалі, што ў іх установах ніякіх новаўвядзеньняў для тых, хто хоча сысьці, ня ўводзілі.