Палюбілі Неглюбку — за ручнікі
«Спачатку размова ішла пра стомэтровы, потым сямідзесяці, — прыгадвае ткачыха Кавалёва. — Пазьней сышліся на тым, што, паколькі Лукашэнка прыяжджае на Гомельшчыну ў Ельскі раён на трыццатую гадавіну чарнобыльскай катастрофы, то й даўжыня мусіць быць адпаведная — 30 мэтраў. А мне тое яшчэ й лепей, бо на стомэтровым ручніку складана вытрымаць роўнымі берагі. Гэта ж кросны, а не ткацкая машына».
Супадзеньне ці не, але на трэці дзень пасьля паднясеньня ручніка кіраўніку дзяржавы, Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях спадчыны пры Міністэрстве культуры падтрымала прапанову аб наданьні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь тэкстыльнай традыцыі аграгарадку Неглюбка.
Ведай нашых!
Калі едзеш у Неглюбку з боку Стаўбуна, то пасьля невялічкай вёсачкі Колбаўка, асфальтавая стужка дарогі хіліцца ў нізіну. Тут і сустракае падарожніка ўказальнік — Неглюбка. Як акінуць вокам, паабапал аж да самых хатаў каласіцца жыта. У высі звоняць жаўрукі. З радасным піскам купаюцца ў паветры белагрудыя ластаўкі. Красуе пры дарозе ружовым румянцам канюшына. Здаецца, што ў гэта сьціплага дарожнага ўказальніка не хапае рук, хай сабе хоць і фанэрных, каб паказаць, які прастор адкрываецца наўкола. Вось тут і прыходзіць тое самае адчуваньне кагнітыўнага дысанансу, калі асэнсаваньне назвы блытаецца з рэальнасьцю.
Дык хто ж назваў цябе, вёска, нялюбай? Бо па адной з дасьледчых вэрсій, Неглюбка — нялюбае Богу месца. І гэта цалкам вэрагодна, калі ўлічыць, што ў пісьмовых крыніцах начатку 18 стагодзядзя Няглюбка згадваецца як уладаньне Кіева-Пячорскай лаўры. Ходзіць паданьне, што менавіта сюды, у некалі глухое месца сярод балотаў, і ссылалі прыгажунь, якія правініліся і не адпавядалі высокім хрысьціянскім канонам. А тыя — ведай нашых! — заняліся вышываньнем і ткацтвам.
Так яно ці не, але ўжо ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Неглюбка стала вядомым у акрузе цэнтарам мастацкага ручнога ткацтва. А яшчэ праз паўстагодзьдзе, як паказвае перапіс, у гэтым паселішчы за сорак кілямэтраў на паўночны ўсход ад Веткі жылі тры з паловай тысячы чалавек. І ледзь ня ў кожнай хаце — кросны.
«Ты ж мне ляпаеш па мазгах»
Заўсёды, калі трапляеш у ўсходні бок вёскі, вочы шукаюць знаёмы завулак, дзе жыла Настасься Хрушчова — адна з самых таленавітых неглюбскіх майстрых. Яе разам з Настасьсяй Сарасекай памятае вёска.
Гадоў пяць таму заяжджаў у гэты няглюбскі закуток, каб купіць у Хрушчовай ручнік — на радасьць жаночай палавіне сямейнікаў. Настасься распытала, хто ды адкуль, а пасьля, пільна так паглядзеўшы ў вочы, наўпрост запытала: «Будзеш берагчы?» І толькі пасьля станоўчага адказу дастала аднекуль з шафы ручнік сваёй работы. На белым полі — густая чырвань узору з дабаўленьнем паралельных чорна-белых фрызаў з драбнюткімі элемэнтамі. Глядзіш — не адарвацца, быцца нейкае чарадзейства заключыла ткачыха ў гэты ручнік.
«Няма ужо Настасьсі, — уздыхае яшчэ адна вясковая майстрыха Эўфрасіньня Дзямчыхіна. — Летась памерла. У гародзе памідовы былі ўжо чырвоныя, як яна памерла. Гадавіна хутка. Семдзесят дзевяць ёй было. Раптоўна памерла — асабліва не хварэла, не ляжала. Як у нас кажуць, пайшла па сваіх рушніках у неба. Хай ёй там сонечна будзе — каб хоць ня менш таго, колькі яна сонца й радасьці ўклала ў свае ручнікі. Яна ж і мне свае ўзоры давала. Я сама чытаць ня ўмею. Вазьму, бывала, аркушык у клетачку, алоўкаў пару — і ўжо заштрыхоўваю, узор пераношу на паперу. У школу я ні дня не хадзіла, але памяць у мяне такая: гляну — і ўсё мігам запамінаю».
Кабета Эўфрасіньня, кажа, што ад сакавіка ёй пайшоў восемдзесят другі год. Колькі ручнікоў саткала, не пералічыць . Можа сотню, а, можа, дзьве ці нават болей. Асабліва, калі ўлічыць трынацццацігадовую працу на колішняй тутэйшай ткацкай фабрыцы.
«Мне шэсьць гадоў было, як пачалася вайна, — Бацьку на фронт забралі, а нас у маці трое дзяцей засталося. Потым даведаліся, што бацьку моцна параніла, ён ляжаў тут непадалёку ва Ўкраіне ў шпіталі, ды там і застаўся. Дадому чамусьці не вярнуўся. Я сама вучылася ткаць. Маці кросны паставіць, сатчэ што зрэбнае, каб сарочку пашыць ці андарак, і бяжыць то ў саўгас, то на соткі, то ў гарод. Я прыглядалася, як мама ніткі заводзіць, чаўнок ганяее, а пасьля й сама села за кросны».
Вясковае жыцьцё, цьвердзіць Эўфрасіньня, усяму яе вучыла: ткаць, жаць, хрэстам вышываць, жывёлу хатнюю даглядаць і нават касіць, сякеру ў руках трымаць, канём правіць.
«Нітак для ткацтва і праз дзесяць гадоў пасьля вайны бракавала, дык мы хусткі распускалі, тканіну грубейшую патрэбнага колеру. Так ніткі сабе здабывалі. Калі я ўжо была замужам за сваім Васілём, то ён на адну зіму езьдзіў у Карэлію на лесанарыхтоўкі. Грошай зарабіў і нітак мне навёз столькі, што ткаць не ператкаць. Я прыбягу з працы, па гаспадарцы зраблю што трэба — і за кросны. Бывала, да апоўначы сяджу.
Неяк прыходзіць муж з фэрмы стомлены, мусіць, нават выпіў з мужыкамі. Павячэраў — і набакір. А я сабе ляп ды ляп бёрдам. Як да ўсхопіцца мой Васіль з пасьцелі, ды як залямантуе: „Вот колькі табе казаць?Ты ж мне па мазгах ляпаеш!“ Схапіў нейкія нажніцы — хрась па аснове. Мусіць, дзесяткі два нітак перарэзаў. От, я ўжо й перастала ляпаць, бо трэба было ніткі зьвязваць».
У Эўфрасіньні Іванаўны абразы на пакуці ў пярэдняй, на кухні і нават у сенцах увешаны тканымі ручнікамі.
«Я ўсіх адарыла ручнікамі — дачку, сем’і сваіх сыноў, унучак. На продаж таксама ткала, грошы зарабляла. І сабе пакінула. Да Вялікдня вешаю чысьценькія ручнікі — яны вісяць да Ўшэсьця. Потым здымаю іх, мыю, а на покуць вешаю іншыя. І мне так лёгка і хораша на душы, што я проста лётаю. Я ж і сьпявала яшчэ дабрэнна. Але як сын у Гомелі ў тралейбусным парку трагічна загінуў, то ўжо не хаджу на вясковыя сьвяты. Толькі ў царкоўным хоры сьпяваю».
Кабета на дадатак дастае з куфра саматканыя абрусы, посьцілкі, панёўкі — і твар яе сьвеціцца замілаваньнем — у ткацкім мастацтве яна ўзяла патрэбную вышыню, і сама гэта ведае. Адно крыху ятрыць душу бабулі: ці ўтрымацца на зямлі гэта ткацкае майстэрства, празь якое назву «Неглюбка» ўжо два стагодзьдзі вымаўляюць з любоўю і павагай?
Хата сьвекрыві
Людміла Кавалёва, цяперашняя кіраўніца гуртка ткацтва «Ніток» пры Неглюбскім сельскім Доме культуры, родам з Брагінскага раёну. Пасьля вучэльні нафтавікоў яе накіроўвалі ў Комі АССР. Пазьней «палярную ссылку» замянілі працай у аб’яднаньні «Гомсельмаш». Тут Людміла і сустрэла свайго нарачонага — неглюбскага хлопца Ўладзімера Кавалёва. Цяпер Уладзімер — дырэктар СДК.
«Я калі першы раз зайшла ў хату сьвекрыві, — распавядае Людміла, —то вачэй не магла адарваць ад даматканых рушнікоў, капаў, павалакаў. „Зачапілі“ яны мяне дужа моцна. Аказалася, ня толькі сьвякроў ткала, але і маці яе і бабуля — усё да дзясятага калена. Да прыезду ў Неглюбку я ж толькі вышывала крыжыкам. Ну, і стала кросны засвойваць».
Па тым часе ў Неглюбцы месьціўся філіял Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сюды і ўладкавалася Людміла на працу. Пазьней па сумяшчальніцтву стала займацца са школьнікамі ў гуртку ткацтва.
Праз адсутнасьць фінансаваньня гурток на некаторы час спыняў сваю дзейнасьць, але ў дзеяностых гадах цяпер ужо мінулага стагодзьдзя яго адрадзілі. Занядбаў вось філіял ткацкай фабрыкі — будынак яго прадалі ўжо за адну базавую велічыню.
Ініцыятыва па-неглюбску
У бакавым пакоі Дома культуры стаяць чацьвёра драўняных кроснаў. Гэта цяпер і ёсьць Неглюбскі сельскі цэнтар ткацтва. Сюды ходзіць два дзесяткі школьнікаў вучыцца старадаўняму ткацкаму мастацтву. Прычым, вучацца тут ня толькі дзяўчынкі, але й васьмёра хлопчыкаў. Іхнія настаўнікі — сама Людміла Кавалёва, якае мае званьне народнага майстра, а яшчэ Алена Дзямчыхіна й Тацяна Суглоб.
«Да нас прыходзяць усе ахвочыя, нават шасьцігодкі, — распавядае ткачыха Алена. — Садзім за кросны. Калі ногі дастаюць да панажоў, кажам: „Заставайся“. Калі не: „Ідзі падрасьці“. От, я назіраю за нашымі выхаванцамі з ліку хлапцоў і бачу, што ў некаторых зь іх нават лепей атрымліваецца, чымсьці ў дзяўчынак. Яны мацнейшыя, рукі ў іх дужэйшыя. Але калі яны падрастаюць, то часьцей сыходзяць. З аднаго боку, ім у будучым няма дзе прымяняць сваё ўменьне. Зь іншага, сёй-той пачыняе кпіць: „Бач, заняўся бабскай справай“. Мы ж, жанчыны, у мужыкоў шмат чаго забралі. І ткацтва, у прыватнасьці, якое раней было чыста мужчынскай справай».
(Здымак 5- Юны ткач Косьцік Кулікоў).
У пакой, дзе знаходзяцца кросны, заходзіць адзінаццацігадовы Косьцік, унук Кавалёвых. Прыехаў да дзядулі з бабуляй з Гомеля на канікулы.
З дзелавым выглядам Косьцік садзіцца за кросны, што каля вакна, і начынае ткаць заснаваную тут панёўку.
«Мне цікава, — тлумачыць хлапчук. —Чаўнок запускаю туды-сюды, лязгаю — і на палатне выбіваецца ўзор. Ня ведаю яшчэ, кім стану. Хутчэй за ўсё, аўтамэханікам. А ткацтва трэніруе — і рукі, і плечы, бо я ж яшчэ й адзінабоствам у Гомелі займаюся».
Настаўнікі ткацкай майстроўні, што называецца, вярнулі да жыцьця своеасаблівую тэхніку неглюбскага ткацтва, багата якіх старадаўніх арнамэнтаў, дзе ёсьць «лапы» і «круччы», «цярэшкі» і «мядзьведзікі», «верабейкі» і «мушкі». Аднавілі ў майстроўні і колішнія традыцыйныя строі неглюбцаў — для дзяўчат і жанчын, хлапцоў і мужчын. Іх цяпер выкарыстоўваюць на фэстах,выставах, розных іншых імпрэзах і , канечне, на сьвяце беларускага ручніка, якое ўпершыню запачаткавана ў Неглюбцы ў 2012 годзе. У цэнтры маюцца нават крама па рэалізацыі сувэнірнай прадукцыі і невялікі музэйны пакой гісторыі мясцовага рамесніцтва.
Цікавімся ў Людмілы Кавалёвай, што за супадзеньне такое: як толькі неглюбскі ручнік паднесьлі Аляксандру Лукашэнку, так праз два дні ён стаў гісторыка- культурнай каштоўнасьцю?
«Гэта выпадкова. Бо ўжо гады са два рыхтаваліся патрэбныя дакумэнты. Праўда, ініцыятыву праяўлялі ня нашы мясцовыя ўлады, а Ірына Сьмірнова зь Менску, навуковая супрацоўніца Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».
«А што вам кіраўнік дзяржавы сказаў на трыццацімэтровы ручнік?»
«Падзякаваў і сказаў, што гэта «самы лепшы падарунак».
(Здымак 6- Неглюбскі сельскі дом культуры).
Цяпер у неглюбскіх майстых зьявілася больш упэўненасьці ў тым, што стаўкі нам не абрэжуць, і сельскі цэнтар народнага ткацтва будзе жыць і радаваць сваімі ручнікамі яшчэ не адно пакаленьне беларусаў. Як радуюць шчырых беларусаў слуцкія паясы і санэт Максіма Багдановіча, прысьвечаны выдатным беларускім майстрыхам:
...І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.