Капусны расол, грыбы, крупы — і такі бывае квас. Як у цэнтральнай Беларусі са смакам адзначаюць свята народнай стравы
У жніўні пошукі адметных абрадавых дзей, што ладзяцца не для галачкі і гадавых справаздач, прывялі нас у вёску Пласток Любанскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта тут ужо ў шосты раз прайшло рэгіянальнае свята народнай стравы «У Пласток на квасок». Так, менавіта стравы, бо квасам у гэтай мясцовасці называюць не салодкі напой, а нешта накшталт кіславатага супу — духмянага і непаўторнага, як нашыя ўспаміны пра канікулы ў бабулі на вёсцы.