Гудзевічы без Алеся Белакоза
Даўно не была ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна. Але такая аказія нядаўна надарылася і я зноў у вёсцы са славутым літаратурна-краязнаўчым музеем, які ў 1965 годзе заснаваў настаўнік Алесь Белакоз (1928-2016).
На вялікі жаль, вядомасць музея і яго слава ўжо не тыя. Гудзевічы і музей без Алеся Мікалаевіча неяк паблеклі. Хаця сама вёска выглядае прыгожай і чыстай. Асабліва яе Цэнтральная вуліца, дзе знаходзяцца школа, клуб, крамы, сельсавет, музей, цэнтр рамёстваў і г.д. Але неяк сумна ўсё ад гэтага, няма радасці на тварах вяскоўцаў, няма настрою. Праўда, вяскоўцы, як і ўсе беларусы, недзе спяшаюцца, нешта робяць, працуюць. Гладжу на іх і прыгадваецца Алесь Мікалаевіч Белакоз. Што ён сказаў бы, гледзячы на назвы крамаў у цэнтры вёскі? А гэта і “Чаровница”, і “Радуга”. А на клубе зусім ніякай шыльды няма…
У цэнтры вёсцы знаходзіцца кафэ “Пралеска”, дзе можна паабедаць за 4 рублі. І абед даволі смачны. Настаўнікі, супрацоўнікі музея, сельсавета, госці вёскі часам забягаюць на абед. Усяго ў Гудзевічах сёння пражываюць каля 700 чалавек.
З архіўных дадзеных вядома, што яшчэ ў 1820 годзе Ляткі—суседняя з Гудзевічамі вёска, належалі да маёнтка Эйсманты. Вядома, што беларусаў там называлі гудамі. Верагодна, што мясцовая шляхта, якая жыла ў Эйсмантах, магла гэту мясцовасць называць гудаямі (беларусамі) альбо Гудзевічамі (беларусець-гудзеці). У грамаце, пісанай у 1539 годзе, біскуп Віленскі, князь Павел Кежан сцвярджае, што ў Гудзевічах даўно існавала царква. У 1852 годзе была пабудавана мураваная царква, якая захавалася да сённяшніх дзён. У архіве Гудзевіцкай царквы да 1960 года захоўваліся дзве копіі даравальных грамат каралёў Сігізмунда III і Ўладзіслава IV, у якіх гаварылася пра надзяленне Гудзевіцкай царквы “Святое Пречистое” (так указана ў граматах) ворнай і сенакоснай зямлёю. Гэтыя граматы больш як тры стагоддзі знаходзіліся ў царкоўных справах у самім храме, а дзе яны цяпер знаходзяцца і кім знішчаны – невядома. Пра гэта распавядаў яшчэ пры жыцці Алесь Мікалаевіч Белакоз.
Школа ў Гудзевічах была адчынена ў 1863 годзе ў грамадскім будынку. Тут у 1919-1920-х гадах вучылася беларуская паэтка Ларыса Геніюш (1810-1983).
У музеі Алеся Белакоза найперш прыцягвае ўвагу сялянская хата з абпілаванага дрэва, накрытая саламяным дахам. Але дзіўна, што з-пад саломы бачны шыфер, як быццам сто гадоў таму так беларусы клалі салому на дахі сваіх дамоў. Дах даўно трэба накрыць саломай, хаця б на той шыфер, каб яго не было бачна. А то нейкая не сапраўдная хата атрымалася. І пра гэта павінны клапаціцца найперш у самім музеі яго супрацоўнікі. Пры Алесю Белакозу такога не было. І, наогул, такіх людзей, якім быў заслужаны работнік культуры Беларусі з Гудзевіч Алесь Белакоз, на Мастоўшчыне сёння няма. А гэта быў шчыры і мужны беларус, патрыёт, чалавек, для якога Беларусь з’яўлялася сэнсам усяго ягонага жыцця.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Мастоўскі раён
Фота аўтара