Агляд прэсы: дні „незалежнасці”
Лукашэнка пагражае „пацэліць у капіталы” на Захадзе. Ліміты амбіцый і камуніцый НАТО. Розгалас вердыкту па справе пра тэракты ў Парыжы. Будучыня аўтамабіляў Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка выступіў на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД у Канстанцінаўскім палацы і выкарыстаў сваю прамову, каб пагражаць ваеннай адплатай усім, хто напаў на яго краіну, паколькі напружанасць вакол вайны ў суседняй Украіне высокай», – паведамляе амерыканскае выданне Rawstory.
«Выступаючы напярэдадні Дня незалежнасці краіны, Лукашэнка заявіў, што ў выпадку нападу на Беларусь аддасць загад сваім узброеным сілам нанесці ўдары па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» заходніх сталіц, дадаўшы: «Не чапайце нас — і мы вас чапаць не будзем». Нягледзячы на тое, што менавіта Расея ўварвалася ва Украіну, Масква і яе верны саюзнік Менск неаднаразова спрабавалі выставіць сябе ахвярамі нібыта варожай палітыкі Захаду і НАТО. Маюцца асцярогі, што Беларусь можа афіцыйна ўступіць у вайну разам з Расеяй з пачатку канфлікту ва Украіне напрыканцы лютага, калі Лукашэнка прызнаў, што расейскімі ракетамі была абстраляна Украіна з беларускай тэрыторыі ў першыя тыдні ўварвання. Пры гэтым на сваім двухдзённым саміце ў Мадрыдзе NATO прыняў рашэнне значна ўзмацніць свой усходні фланг і пачаць працэс прыёму Фінляндыі і Швецыі ў абарончы альянс. У адказ Пуцін заявіў пра намер адказаць на магчымую перакідку вайскоўцаў НАТО ў Фінляндыю, прапарцыянальным размяшчэннем расейскіх войскаў у рэгіёне. Але ў Беларусі яны ўжо і так маюцца», – піша амерыканскае выданне.
«Паўночнаатлантычны альянс на саміце ў Мадрыдзе фактычна аб’явіў Расею сваім галоўным супернікам і абавязаўся падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. Словы быццам бы добрыя, але якія справы за гэтым рушаць услед?», – задаецца пытаннем расейскае выданне Graniru.
„Чакалася, што НАТО прыме праграму маштабнай ваеннай дапамогі Украіне. Але гэтыя чаканні пакуль што не спраўдзіліся. Непасрэдна падчас саміту Германія і Нідэрланды абвясцілі аб тым, што паставяць Украіне па 3 самаходных гаўбіцы Panzerhaubitze 2000, а Нарвегія паабяцала накіраваць 3 амерыканскія РСЗА М270. У параўнанні з рэальнымі ўкраінскімі патрэбамі гэта кропля ў моры. Джо Байдэн, каб падсаладзіць пілюлю, заявіў, што паўсотні дзяржаў – удзельніц кааліцыі ў абарону Украіны – паставілі ёй амаль 140 тысяч супрацьтанкавых сістэм, больш за 600 танкаў, 500 артылерыйскіх сістэм, больш за 600 тысяч адзінак артылерыйскіх боепрыпасаў, а таксама сучасныя рэактыўныя сістэмы. Але пры гэтым забыўся ўдакладніць, што ўсе пастаўленыя танкі яшчэ савецкай вытворчасці, хаця і мадэрнізаваныя. Нягледзячы на тое, што НАТО прызнала Расею галоўнай пагрозай міру, сам альянс збіраецца пастаўляць Украіне толькі несмяротныя ўзбраенні, каб не ўступаць у адкрытую канфрантацыю з Расеяй. Цікава, у Брусэлі сур’ёзна думаюць, што калі пастаўкі Украіне РСЗА і артылерыі з шэрагу дзяржаў НАТО ў Маскве не лічаць падставай для нападу на іх, то пастаўку тых жа самых узбраенняў ад імя блока ў цэлым палічаць падставай для ўварвання ў Польшчу ці краіны Балтыі? І чаму пастаўка РСЗА, САУ ці сродкаў СПА Ўкраіне не можа справакаваць Пуціна на ўжыванне тактычнай ядзернай зброі, а пастаўка танкаў ці самалётаў – можа?» – задае нязручныя пытанні расейскае выданне.
У Парыжы быў абвешчаны прысуд абвінавачаным па справе пра тэракты ў французскай сталіцы, якія былі здзейснены ў лістападзе 2015 года. Судовы працэс доўжыўся больш за дзевяць месяцаў. Адзіны тэрарыстаў, які выжыў з атрада, атрымаў максімальнае пакаранне: пажыццёвае зняволенне без магчымасці датэрміновага вызвалення. Ці апраўдаў працэс высокія чаканні, якія на яго ўскладаліся? Бельгійская газета Le Soir аддае хвалу французскай юстыцыі.
«У цяперашняй Францыі, пра якую часта гавораць як пра расколатую краіну і дзе, як паказалі нядаўнія выбары, пануе вельмі жорсткая палітычная атмасфера, якая сведчыць пры своеасаблівы распад ідэалу Рэспублікі, працэс па справе аб тэрактах прадэманстраваў выключную сталасць судовай улады і ўсіх яе ўдзельнікаў. Гэты працэс можа паслужыць узорам для пераймання напярэдадні суду над падазраванымі ў ажыццяўленні тэракту ў Ніцы, які будзе праходзіць у той жа зале, і перш за ўсё, для працэсу, які будзе праходзіць у Бельгіі і для якога цяперашні вердыкт будзе служыць найважнейшым арыенцірам. Перад намі мадэль, якая заслугоўвае самага ўважлівага разгляду», – піша бельгійскае выданне.
Новыя аўтамабілі, якім будзе дазволена ездзіць па дарогах Еўразвяза з 2035 года, не павінны будуць больш выкідваць у атмасферу вуглякіслы газ. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Савета ЕЗ па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Насуперак першапачатковым строгім планам, якія прадугледжваюць поўную адмову ад рухавікоў унутранага згарання, пад новую забарону не падпадуць транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюць так званае кліматычна нейтральныя віды паліва. Французскі эканамічны веснік Les Echos паказвае на тое, што гэтае рашэнне вельмі далёкае ад рэальнасці.
„Хацелася б, каб свае рашэнні Брусель прымаў на аснове фактаў і лічбаў, а не на часта перакручаных ідэалагічных мэтах і ўяўленнях. Можна, вядома, узнімаць да нябёсаў перавагі электрамабіляў, але хочацца ведаць, наколькі рэальны масавы пераход на іх да 2035 году. Ці дастаткова будзе ў нас сыравіны і зарадных станцый? Ці вядзецца кантроль над тым, у якіх умовах вырабляюцца акумулятары? Не кажучы ўжо пра сацыяльныя і эканамічныя наступствы выбару, які мы навязваем нашым вытворцам, але які аніяк не закранае іх міжнародных канкурэнтаў”, – падкрэслівае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Агляд прэсы: дні „незалежнасці” pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.