У Варшаве пройдзе сустрэча кіраўнікоў МУС Балтыі і Польшчы. Палякі сумняюцца, што «вагнэраўцы» прыехалі ў Беларусь як інструктары
У бліжэйшы час у Варшаве па ініцыятыве польскага боку адбудзецца сустрэча міністраў унутраных спраў краін Балтыі, пасьля якой яны «сумесна давядуць да грамадзкай думкі 〈...〉, якія жорсткія меры прымуць у адказ на любыя правакацыі з боку беларускіх і расійскіх уладаў і групы «Вагнэра», заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі 19 жніўня ў эфіры TVP Info.
Пра гэта піша BPN.
«Мы павінны памятаць, што гэта група наймітаў, якія бралі ўдзел у жорсткіх баях, зьверскіх забойствах ва Украіне. Большая частка гэтай групы была завэрбавана ў расійскіх турмах», — сказаў ён.
На думку Каміньскага, «гэтыя некалькі тысяч чалавек не будуць выкарыстоўвацца ў якасьці інструктараў, як іх вызначае Лукашэнка, яны будуць ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць».
16 жніўня міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце анансавала сустрэчу прадстаўнікоў Польшчы і краін Балтыі, на якой будзе абмяркоўвацца пытаньне закрыцьця межаў з Беларусьсю.
Паводле яе слоў, перамовы пройдуць 28 жніўня.
Апоўначы 18 жніўня былі зачыненыя Літоўскія пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Твярачус (Відзы). Адпаведнае рашэньне сойм прыняў у сувязі з магчымымі пагрозамі з боку наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.